Паводле слоў палітыка, пазыцыя Эўразьвязу атрымліваецца неадназначная: «Усё ж такі Беларусь - гэта асобны выпадак. І калі эўрапейцы думаюць усталёўваць у нашай краіне дэмакратыю, супрацоўнічаючы з тымі службамі, якія перасьледуюць іншадумцаў, то я іх зусім не разумею. Калі высьвятляецца, што беларускі дэмакратычны рух перасьледуюць з дапамогай сродкаў, дадзеных Эўразьвязам, як гэта было ў выпадку са скандалам аб дапамозе нямецкіх паліцыянтаў беларускім службам, то атрымліваецца двухсэнсоўная сытуацыя. З аднаго боку Эўрапейскі Зьвяз патрабуе спыніць рэпрэсіі, а другой рукой фактычна іх падтрымлівае. Таму патрэбна яснасьць».
Любая дапамога беларускім службам можа выкарыстоўвацца для рэпрэсіяў, упэўнены Павел Севярынец: «Выказваньне Штэфана Фюле вельмі двухсэнсоўнае і, падкрэсьліваю яшчэ раз, яму трэба адкрыта сказаць - калі будуць дапамагаць беларускім спэцслужбам, то ў чым гэта будзе выяўляцца? Калі, напрыклад, гэта дапамога ў лаўленьні нелегалаў або барацьбе з гандлем людзьмі, то якія канкрэтна праграмы, якія канкрэтна сродкі пад гэта Эўразьвяз будзе выдаткоўваць? У нашым выпадку амаль любая дапамога можа мець характар дапамогі двайнога прызначэньня. З адной і той жа сыравіны можна стварыць і штосьці мірнае, і штосьці супраць мірных дэманстрантаў».
«Ня думаю, што эўрапейцы хочуць легалізаваць дапамогу беларускай міліцыі. Прынамсі, у гэта ня хочацца верыць. Але для таго, каб не было падазрэньняў, лепш было б эўрапейцам адкрыта, ясна і празрыста заявіць, што яны маюць на ўвазе», - падсумаваў палітык.
Нагадаем, нядаўна прадстаўніцтва ЭЗ у Менску заявіла, што Эўрапейскі Зьвяз будзе супрацоўнічаць з праваахоўнымі ворганамі краін «Усходняга партнэрства». «Давер праваахоўным ворганам зьяўляецца адным з галоўных умоў стварэньня ўстойлівай дэмакратыі. І мы верым, што супрацоўніцтва паліцэйскіх службаў можа значна палепшыць стан законнасьці і правапарадку ў краінах, якія зьяўляюцца нашымі ўсходнімі суседзямі», - заявіў эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфан Фюле.
Крыніца: Хартыя'97