Мікіту Прысталенку судзілі 15 красавіка 2021 году ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Паводле матэрыялаў справы, 25 лютага ён прыехаў у сталіцу да сябра Анатоля Таптунова, з якім увечары пайшоў адпачыць. Маладыя людзі былі нападпітку, калі Прысталенка сарваў дзяржаўныя сцягі з будынку галоўнай управы МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), што на вуліцы Рэвалюцыйнай, і з будынку ўстановы «Менскград» на Камсамольскай.
Анатоль Таптуноў быў на судзе сведкам: ён цвердзіў, што не бачыў таго, што зрабіў ягоны сябар. Прысталенку спачатку абвінавачвалі ў хуліганстве, аднак на судзе ён настойваў, што гэта быў палітычны пратэст і што перад тым яны з сябрам размаўлялі пра несправядлівасць, якая творыцца ў Беларусі. Сярод дакументаў у ягонай справе быў і фотаздымак, на якім Прысталенка быў зняты з бел-чырвона-белым сцягам. Падсудны пацвердзіў, што быў незадаволены сітуацыяй у краіне, бо ўжо два месяцы не мог знайсці добрую працу. А ўжыванне алкаголю паспрыяла таму, што ён не здолеў стрымаць свае эмоцыі.
Мікіта Прысталенка скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, мае спецыяльнасць «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў». Дарэчы, з’яўляецца сябрам БРСМ і пэўны час нават узначальваў філію арганізацыі ў сваёй навучальнай установе. Цікавіцца гістарычнай рэканструкцыяй перыяду Вялікай Айчыннай вайны, браў удзел у гарадскіх імпрэзах да Дня Перамогі. На момант вызвалення Мікіту Прысталенку споўнілася 25 гадоў.
Станіслаў Іваноўскі