На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Марына Адамовіч, жонка зняволенага апазіцыйнага палітыка, цытуе ліст ад мужа з-за кратаў:
« 5-га ліпеня – абвешчана вымова, 6-га ліпеня быў пазбаўлены перадачы (адзінай на год згодна з рэжымам), 7-га ліпеня – адпраўлены ў ШІЗО на восем сутак, 12-га ліпеня – пазбаўлены спаткання.15-га ліпеня павінен выйсці з ШІЗО. Верагодна, будзе працяг, як лічыць сам Мікалай».
З лістаў Мікалая Статкевіча вядома, што адразу ж па прыбыцці ў глыбоцкую калонію ён напісаў заяву на адзіночнае ўтрыманне ў сувязі з пагрозамі ад сукамернікаў і адміністрацыі. Аднак гэтую заяву не задаволілі, як вынікае з чарговага ліста палітвязня.
« Тут сёння размяркоўвалі па атрадах. Мяне размеркавалі ў 7-ы. На камісіі мне паведамілі, што мая традыцыйная заява ўпершыню не задаволена. Бо пагрозы ад «кантынгенту» мне няма, што я і сам ведаю. А пагрозу ад супрацоўнікаў МУС яны не прызнаюць. Але ж мой досвед сведчыць пра супрацьлеглае. Таму, каб не ставіць пад пагрозу сябе, сваіх блізкіх і знаёмых, я адмоўлюся »сядзець« з адмыслова падабранымі мне сукамернікамі. Пра што і заявіў на гэтай камісіі», – распавяла пра ліст ад мужа Марына Адамовіч.
Паводле гэтага допісу, Мікалая Статкевіча ўсё ж змесцяць у адзіночную камеру, але не паводле ягонай заявы, а ў выглядзе пакарання за парушэнне рэжыму.
Да 14-ці гадоў зняволення апазіцыйны палітык быў асуджаны 14 снежня 2021 году. Следства па ягонай крымінальнай справе працягвалася больш за год. Яго затрымалі 31 траўня 2020 году ў Менску, калі ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай, двойчы асудзілі па адміністрацыйных артыкулах, а потым распачалі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў.
Феліцыян Красоўскі