Серада, 03 Жнівень 2022

Палітвязня Паўла Вінаградава перавялі ў аршанскую калонію, дзе ўтрымліваюць хворых на сухоты

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхар пасёлка Беразіно Менскай вобласці, блогер і актывіст Павел Вінаградаў быў асуджаны да 5-ці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. На пачатку ліпеня 2022 г.яго этапавалі ў ваўкавыскую ПК № 11, але неўзабаве ў палітвязня на рэнтгене знайшлі пляму ў лёгкіх. Ён прайшоў курс антыбіётыкаў, але гэта не прынесла плёну. 28 ліпеня 2022 г. Вінаградава перавялі ў аршанскую калонію № 12, так званую «сухотную». Паводле інфармацыі ад тых, каго там утрымлівалі, умовы ў гэтай калоніі небяспечныя для здароўя.

ПК 12 афіцыйна называецца калоніяй «для ўтрымання і лекавання асуджаных, хворых на актыўную форму сухотаў». Гэта адзіная ў Беларусі калонія, на тэрыторыі якой ёсць шпіталь для хворых на сухоты. Таму сюды прывозяць хворых зняволеных з розных рэгіёнаў, незалежна ад тэрмінаў зняволення і цяжкасці злачынстваў, за якія іх асудзілі. Паводле афіцыйных каментароў адміністрацыі, для хворых на сухоты тут створаны максімальна спрыяльныя ўмовы: у палатах размяшчаюць па 2-6 чалавек, ім даюць больш каларыйнае харчавання, дазваляюць дадатковыя харчовыя пасылкі і г.д. Тым часам у «сухотнай» калоніі не трымаюць увесь тэрмін зняволення: калі медыкі лічаць, што чалавек перамог хваробу, яго накіроўваюць на ранейшае месца адбыцця пакарання.

Некалькі гадоў таму па незалежных СМІ прайшла інфармацыя пра антысанітарныя ўмовы ў ПК 12 – пра адсутнасць рамонту, перавышэнне дапушчальнай колькасці хворых у палатах. Цяпер, як сцвярджае адміністрацыя, гэтыя недахопы выпраўленыя.

Што да Паўла Вінаградава, то ў аршанскай калоніі яго ўжо пазбавілі працяглага спаткання за сон днём – зараз палітвязень афіцыйна прызнаны «злосным парушальнікам рэжыму», паведамляюць праваабаронцы. 28 чэрвеня 2022 г. КДБ унёс палітвязня ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Вінаградаў адбывае тэрмін пакарання паводле адразу некалькіх крымінальных артыкулаў: арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), арт. 130 («Распальванне варожасці ці варажнечы»), арт. 367 («Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»)

Палітзняволеным Павел Вінаградаў прызнаны ўжо не ўпершыню: у 2008 годзе ён быў фігурантам «Справы чатырнаццаці», заведзенай за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, яго асудзілі на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. З 2010 году ён з’яўляўся актывістам кампаніі «Гавары праўду». Пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў быў арыштаваны, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, а таксама ў знявазе дзяржаўных сімвалаў. 5 траўня 2011 году суддзя Кастрычніцкага раённага суду Менску Ала Булаш асудзіла яго на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вінаградаў адбываў пакаранне ў івацэвіцкай калоніі № 22 «Ваўчыныя норы», быў вызвалены праз памілаванне.

Юрка Жмых