Аўторак, 21 Май 2024

Згадаем палітзняволенага Васіля Бераснева, у якога за кратамі абвастрыліся праблемы са здароўем

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. Тэма гэтага Дня -- права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў зняволенні. 74-гадовы Васіль Бераснеў з Аршаншчыны – адзін з тых, хто заслугоўвае асаблівай падтрымкі ў гэты дзень. Ён трапіў у зняволенне ўжо ў сталым узросце і з праблемамі са здароўем. У калоніі паўстала пытанне пра перасадку ныркі, але, паводле звестак праваабаронцаў, яго вярнулі са шпіталя, так і не правёўшы аперацыі.

На сённяшні дзень Васіль Бераснеў – адзін з найстарэйшых палітычных зняволеных. 5  студзеня 2023г.  па справе актывістаў незалежных прафсаюзаў  яго асудзілі да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Судовая калегія Вярхоўнага суду 3 красавіка 2023 г. пастанавіла пакінуць прысуд без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення. Адбываць пакаранне асуджанага накіравалі ў Магілёўскую папраўчую калонію №15.

Настаўнік, старшыня райсавета, актывіст незалежнага прафсаюза

Васіль Бераснеў скончыў гістарычны факультэт БДУ, выкладаў  у ПТВ ў пасёлку Высокае пад Оршай. Неўзабаве яго прызначылі дырэктарам вучэльні, і ён за непрацяглы час вывеў навучальную ўстанову  на высокі ўзровень.

У пачатку 1990-х гадоў, у гады дэмакратычнага ўздыму ў Беларусі, Бераснеў быў абраны дэпутатам Аршанскага райсавету, а потым і яго старшынём. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі спадар Васіль сыйшоў з гэтай пасады, уладкаваўся шэраговым настаўнікам гісторыі і далучыўся да  грамадскай дзейнасці. Быў чальцом Беларускага Хельсінскага камітэта, а праз некаторы час стаў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі.

Пасля выбараў 2010 года Васіль далучыўся да прафсаюзу РЭП, аршанская структура прафсаюза хутка стала адной з самых вялікіх у Беларусі з невялікімі прадстаўніцтвамі ў Круглым і Багушэўску. Праз некаторы час ён стаў намеснікам старшыні рэспубліканскага прафсаюзу РЭП. Менавіта ягоная прафсаюзная дзейнасць і паслужыла падставай для крымінальнага пераследу пасля выбарчых акцый.

Удзел у пратэстах і падтрымка грамадскіх ініцыятыў

Васіль Бераснеў адным  з першых займеў у Оршы публічны офіс, дзе ладзілі свае мерапрыемствы  розныя дэмакратычныя структуры рэгіёна.

У 2017г. ён стаў актыўным удзельнікам  “Маршу недармаедаў”, падчас выступу на прыступках выканкамы  ён разарваў плакат на  тэму «дармаедскага» дэкрэта. Па сканчэнні марша Васіля Бераснева затрымалі, і да суду пакінулі за кратамі. Паводле ўспамінаў ягоных затрыманых аднадумцаў, Бераснеў падтрымліваў іх песнямі. Назаўтра яму прысудзілі арышт на 14 сутак.

Яшчэ раней за ўдзел у так званым несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве Васіль Бераснеў адбываў адміністрацыйны арышт у 2006-м годзе. 

Сёлета 19 красавіка споўнілася два гады, як актывіст і праваабаронца апынуўся за кратамі. 13 траўня 2022 г. беларуская праваабарончая супольнасць абвясціла яго палітычным зняволеным. У 2023 г. Васіль Бераснеў быў адным з намінантаў прэміі «Праваабарончай салідарнасці года».

Стан здароўя ў зняволенні пагоршыўся

Васіль Ціханавіч трапіў у зняволенне ў сталым узросце (72 гады) і з вялікімі праблемамі са здароўем. Яшчэ ў 2008 годзе яму выдалілі адну нырку ў сувязі з анкалагічным захворваннем. Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіль Бераснеў скардзіўся  на болі ў адзінай нырцы і на падвышаны ціск.  У калініі сітуацыя толькі пагоршылася. На шматлікія просьбы і заявы вязня аб аказанні медычнай дапамогі, альбо накіраванні на абследаванне  доўгі час рэакцыі не было. У пачатку кастрычніка 2023  года стала вядома, што зняволенага тэрмінова накіравалі з ПК 15 у Магілёўскі абласны шпіталь.  Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Па звестках ад знаёмых,  нырку Васілю Берасневу  так і не перасадзілі. Цягам двух дзён яго абследавалі ў шпіталі, але вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае іх потым, у калоніі.

Зразумела, што за кратамі хранічныя хваробы толлькі прагрэсуюць, асабліва ў людзей сталага веку. Акрамя адсутнасці кваліфікаванай медычнай дапамогі, на гэта ўплываюць умовы ўтрымання – недахоп свежага паветра, дрэннае харчаванне, пастаянны псіхалагічны ціск і стрэс. Гэта прыводзіць да таго, што нават тыя праблемы, якія не абвастрыліся б у нармальных умовах, у зняволенні ператвараюцца ў куды больш сур'ёзныя.

Тэма сёлетняга Дня салідарнасці з палітвязнямі -- права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў зняволенні

Паводле арт. 12 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Беларусь як дзяржава, якая яго ратыфікавала, прызнае права кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя. Права на здароўе з'яўляецца ўніверсальным правам, якое не можа быць абмежавана пазбаўленнем волі. Але беларусаў і беларусак, затрыманых па палітычных матывах, ужо амаль чатыры гады ўтрымліваюць у нечалавечных антысанітарных умовах у ізалятарах, пазбаўляюць сродкаў гігіены і лекаў. Людзей з інваліднасцю і з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем трымаюць пад вартай і адпраўляюць у калоніі, дзе не забяспечваюць належным медыцынскім абслугоўваннем. Многія палітзняволеныя падчас і пасля вызвалення пакутуюць на праблемы з псіхічным здароўем. Таксама ў месцах няволі практычна не надаецца ўвагі асаблівым медыцынскім патрэбам жанчын. Туберкулёз, цынга, пнеўманія, каронавірус — прыклады хваробаў, на якія хварэюць беларускія палітвязні. Гэта далёка не ўвесь спіс праблемаў, з якімі сутыкаюцца сёння палітвязні ў зняволенні.

Таму сёлета тэма Дня палітвязняў Беларусі — права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў зняволенні. "Вясна" заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да праблемаў неаказання належнай медыцынскай дапамогі ў месцах няволі, і ў чарговы раз запатрабаваць ад рэжыму вызвалення ўсіх палітзняволеных.

У многіх краінах свету цягам гэтага тыдня праходзяць мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку беларускіх палітычных зняволеных.  Падтрымаць  палітвязняў можны ў тым ліку пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай, лістом.

Васілю Ціханавічу Берасневу
можна пісаць на адрас:

ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183

Павел Гром