Субота, 11 Май 2024

Адразу 6 жыхароў Паставаў трапілі ў «экстрэмісцкі спіс» МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Віталь Пахомчык, Віктар Пузан, Генадзь Гутар, Ірына Сталока, Аляксандр Цярлюк і Анатоль Астроўскі 16 красавіка  асуджаны судом Партызанскага раёна  Мінска  паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага Кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх).   Віталь Пахомчык, апрача  гэтага, тым самым судом асуджаны яшчэ й паводле арт 369 Крымінальнага Кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).

Усе шасцёра  прыгавораныя да 2 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Віталь Пахомчык,  акрамя 2 гадоў пазбаўлення волі, аштрафаваны на 300 базавых велічынь (12 тыс. рублёў).
Прозвішчы пастаўчан занесены ў «Пералік грамадзян РБ, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» 10 траўня. Пра кожнага з іх пазначана, што яны ўжо адбываюць пакаранне.  Гэта досыць дзіўна, бо супраць усіх шасцярых была ініцыявана спецыяльная вытворчасць – следства без удзелу падазраваных і  завочныя суды, бо гэтыя людзі знаходзяцца па-за межамі Беларусі. 
Віталь Пархомчык – уладальнік трэніровачнай залы «РэЖым». Вядома, што ў 2021 годзе ў яго быў ператрус у сувязі з крымінальнай справай за абразу дэлегатаў УНС ад Пастаўскага раёна. Абраза нібыта была ў адной з сацыяльных сетак. Яго разам з астатнімі землякамі прызналі вінаватымі ў тым, што яны разам удзельнічалі ў адным з мірных шэсцяў у Мінску: ішлі па вуліцах з нацыянальным (бел-чырвона-белым) сцягам, выходзілі на праездную частку. Удзел асуджаных у мірным сходзе пацвердзіла выяўленая сілавікамі ў інстаграм-акаўнце Анатоля Астроўскага фатаграфія, на якой частка абвінавачаных трымае нацыянальны сцяг, некаторыя дэманструюць рукамі знак “вікторыя” і сціснуты кулак.
Апрача шасці жыхароў Пастаўшчыны, у «экстрэмісцкі спіс» унесена імя яшчэ аднаго жыхара Віцебскай вобласці, асуджанага за абразу Аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт.368 Крымінальнага Кодэкса. Гэта палітзняволены Сяргей Галацэвіч з пасёлка Янавічы Віцебскага раёна. 28 і 29 лютага ягоную справу ў закрытым рэжыме разгледзеў суддзя Міхаіл Зубеня. ; траўня адбыўся разгляд яго апеляцыйнай скаргі, але вынік суду не вядомы.

Ігар Патапаў