Чацвер, 11 Ліпень 2024

Аповед пра турму, дзе паміраў Алесь Пушкін

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гродна. Турма №1. Тут утрымліваюць палітвязняў Паўла Севярынца, Мікалая Аўтуховіча, Мікалая Дзядка – паводле звестак праваабаронцаў, у гэтай турме ўсяго 55 палітычных зняволеных. Тут правёў свае апошнія дні ў страшных пакутах мастак і перформер Алесь Пушкін. 11 ліпеня 2023 года адміністрацыя паведаміла пра смерць палітвязня. Да таго практычна цягам месяца Пушкін скардзіўся на болі ў жываце, але не атрымліваў належнай медычнай дапамогі. Калі яго ўсё ж даставілі ў лякарню, было позна: знакаміты мастак сканаў ад прабадной язвы страўніка. 

Гісторыя «турэмнага замка»

Турма №1 у Гродне - турэмны комплекс у самым цэнтры горада, размешчаны сцяна да сцяны з Фарным касцёлам. Знаходзіцца ў будынках былога калегіума ордэна езуітаў. У 17 стагоддзі езуіты выкупілі ў цэнтры горада цэлы квартал у межах вуліц Рэзніцкая - Ключынская- Гараднічанская- Быгіцкая. Пачалі ствараць навучальную ўстанову - калегіюм. Першыя будынкі з'явіліся ўжо ў 1680 годзе. Але ў 1773-м ордэн быў забаронены, частка будынкаў адыйшла гораду. Тут і размясцілі турму. Цар Аляксандр Першы выдаў загад аб пабудове турмы ў Гродна ў 1811 годзе. Будаваць пачалі пасля 1812-га, бо планы парушыў Напалеон. Праект быў тыповы, турмаў у імперыі хапала. Першых утрыманцаў яна прыняла ў 1820-ым. Была перасыльнай - адсюль вывозілі на этап у Сібір. Зняволеныя мелі суконную вопратку, з меткай на спіне чырвонага, чорнага ці жоўтага колеру. Гэта на выпадак пабегу – каб прасцей было заўважыць і застрэліць уцекача.

У двухпавярховым цагляным замку меркавалася ўтрымліваць да васьмідзесяці арыштантаў. У будынку-браме размясцілі пакоі варты, камеры і бальніцу, у асноўным будынку (турэмнай казарме) былі камеры для вязняў і тры "сакрэтныя" камеры для асабліва небяспечных злачынцаў. Пасля паўстання 1830-1831 гадоў турма перапоўнілася, зняволеных катавалі проста ў турэмным двары. Тое самае працягвалася і пасля паўстання 1863-64 гадоў.

На тэрыторыі турэмнага замка была створана ўласная «інфраструктура»: студня, лякарні для мужчын і жанчын, капліца. У 1870–1886 гадах адкрыліся майстэрні, дзе арганізавалі швейную, абутковую, сталярную, бандарную, такарную вытворчасць і цэх па вырабе валізак. У жніўні 1876 года ў турме з'явіўся вадаправод, у 1888-м - бібліятэка. Для арыштантаў, якія жадалі вучыцца, з 1890 па 1905 гады функцыянавала школа. Да 1893 года турма была абсталявана тэлефоннай сувяззю.

У канцы XIX стагоддзя турма перабудоўвалася і пашыралася. На месцы турэмнай казармы 1819 года пабудовы з'явіліся корпус адзіночнага ўтрымання (цяпер СІЗА), следчыя і адміністрацыйныя будынкі. Двухпавярховую браму перабудавалі ў турэмную царкву, якая праіснавала да шасцідзесятых гадоў XX стагоддзя.

На магілах забітых садзілі рамонкі і бульбу

У гады Першай Сусветнай вайны турмой загадвалі нямецкія войскі. У 1919 г. улада змянілася на польскую. Пры ёй у турме функцыянавалі 59 камер, разлічаных на 462 чалавекі. Аднак, як правіла, колькасць арыштантаў заўсёды была значна большай за афіцыйныя лічбы. Зняволеныя-камуністы ўтрымліваліся ў асобным блоку з больш строгімі ўмовамі.

У 1939 годзе вязні на чале з літратарам Піліпам Пестракам узнялі з турме паўстанне, і трымалі яе пад сваёй уладай некалькі дзён. Потым аддалі кіраванне савецкім уладам.
Цэнтр Гродна падвергся нямецкай бамбардзіроўцы ўжо ў ноч на 22 чэрвеня 1941 года. Некалькі бомбаў патрапіла ў турму, амаль цалкам разбурыўшы адзін са старэйшых карпусоў будынка. Эвакуіраваць зняволеных не паспелі, таму ўсе яны апынуліся на волі.

З першых дзён акупацыі захопнікі прыстасавалі будынак і тэрыторыю турмы для ўтрымання, катаванняў і знішчэння савецкіх актывістаў, удзельнікаў супраціву і партызан, а таксама мірных жыхароў горада і яго наваколляў, арыштаваных па падазрэнні ў дапамозе партызанам. У двары турмы сістэматычна праводзілі масавыя растрэлы зняволеных.

Каб схаваць свае злачынствы, вясной–летом 1944 гады нацысты часткова эксгумавалі і спалілі трупы забітых і пахаваных у двары турмы гарадзенцаў. Попел прасейвалі праз сіта, на магільных узгорках разбівалі "кветнікі" і "агароды". Напрыклад, 200 квадратных метраў былі засеяны рамонкам, а пад імі - суцэльныя могілкі. Радкі бульбы хавалі магілы даўжынёй 30 метраў і шырынёй каля 2 метраў. Пасля вызвалення Гродна ў двары турмы пад такімі «кветнікамі» і «агародамі» былі раскапаны тысячы трупаў.

Актывісты прасілі перанесці турму з цэнтра горада

Трагічная гісторыя турмы не спыніла наступнікаў: пасля вайны турма стала належаць МУС СССР і з таго часу лічыцца адной з самых строгіх на ўсёй тэрыторыі постсавецкай прасторы. Паводле афіцыйных звестак, цяперашняя напаўняльнасць "Гродзенскага цэнтрала" складае 2 тысячы чалавек. Гэта ў 2 разы больш, чым у савецкія часы.

Распарадак дня тут больш суровы  да зняволеных, чым у любой іншай турме ў Беларусі. Пад'ём 6 раніцы. Ужо праз 10 хвілін - сняданак. Пасля гэтага вязні адпраўляюцца на абавязковыя працы. Абед а 12 гадзіне, пасля зноў адпраўка на працу. У 18 гадзін вячэра. Цягам дня зняволеным дазволены шпацыр, які павінен працягвацца 2 гадзіны. Аднак фактычна ён адбываецца на працягу гадзіны. Прагулачныя «дворыкі» ўяўляюць сабой тыя ж камеры - 3 на 4 метры, адзінае адрозненне - за частымі кратамі відаць неба. Прычым прагулачныя «дворыкі» размешчаны на даху турмы.

У цяперашні час пры турме адкрыты музей турэмнага побыту. Многія арганізацыі і дзеячы неаднаразова прасілі перанесці турму з цэнтра горада за яго межы і аддаць будынкі калегіума пад сапраўдны гарадскі музей. Аднак пакуль ніякіх праектаў па гэтым пытанні не прадугледжана.

Апошнія дні Алеся Пушкіна ў турме

Мастак быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі МУС. Перед тым, 26 сакавіка 2021 г. пракурорам г. Гродна Клішыным В.В.была распачата крымінальная справы ў дачыненні да яго, а таксама кіраўніка прыватнай установы “Цэнтр гарадскога жыцця” Паўла Мажэйкі і іншых асобаў “за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызма”, па ч.3 арт. 130 КК (распальванне варажнечы). Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы “Цэнтр гарадскога жыцця” 19 сакавіка, партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Пушкіна. Ноччу з 26 на 27 сакавіка ў доме Пушкіна ў Бабры адбыўся ператрус.

Суд над мастаком распачаўся 10 сакавіка 2022. Справу вяла суддзя Алена Шылько. 30 сакавіка яна прызнала Пушкіна вінаватым і прызначыла яму 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 15 красавіка 2022 года Алесь Пушкін быў этапаваны з СІЗА-1 у папраўчую калонію № 22. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада 2022 года пастанавіў перавесці Алеся Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года за парушэнні ўнутранага распарадку ПК. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў гродзенскую турму № 1.

Вядома, што з 2 чэрвеня 2023 года Пушкін знаходзіўся ў адзіночнай камеры. Прыкладна з сярэдзіны месяца ён пачаў скардзіцца на болі ў жываце, нырках і пячонцы. Звяртаўся да турэмнага лекара, але вязня вінавацілі ў сімуляцыі. Потым прызначылі абязбольваючыя ўколы, але на абследаванне ў шпіталі Пушкіна ніхто не павёз.

Падчас знаходжання ў турме мастак вёў асабістыя запісы. Апошні з іх датаваны 8 ліпеня. Падобна, што далей мастак ужо не мог пісаць. 11 ліпеня ноччу Алесь памёр у шпіталі – яго адвезлі туды толькі напярэдадні, нягледзячы звароты да турэмных лекараў напрацягу практычна месяца.

Сёння - гадавіна па смерці мастака, які адчыніў у Віцебску першую прыватную галерэю і вельмі любіў гэты горад. Віцябляне памятаюць Алеся Пушкіна.

Павел Скрыннік