Вядома, што 27-гадовы ўраджэнец Оршы Яўген Бодрыкаў быў затрыманы сёлета ў траўні і змяшчаны ў віцебскі СІЗА. Найверагодней, яму прад’явілі абвінавачанне па так заванай справе “Беларускага Гаюна” - за перасылку ў канал фотаздымкаў расейскай вайсковай тэхнікі.
Яўген Бодрыкаў скончыў аршанскую СШ№17, быў пераможцам прадметных алімпіядаў па гісторыі. У тым ліку ў 2014 годзе перамог на рэспубліканскай алімпіядзе і быў узнагароджаны грашовым сэртыфікатам ад імя раённага ўпраўлення адукацыі. Пасля школы Бодрыкаў паступіў на бюджэтную форму навучання на гістфак БДУ, быў у студэнцкім актыве, добра зарэкамендаваў сябе падчас практыкі ў мінскай гімназіі №20.
У 2020 г. хлопецў быў затрыманы і збіты падчас грамадскіх пратэстаў у Мінску: з чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь. Пасля быў аштрафаваны судом Фрунзенскага раёна на 675 руб. па ч.1 арт. 24.23 КаАП за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У 2022 г. па тым самым артыкуле суд у Оршы пакараў яго арыштам на 15 сутак. На думку міліцыянтаў, ен правёў "пікетаванне" ў "ВКонтакте", размясціўшы свой фотаздымак у цішотцы з "Пагоняй".
Ураджэнец Докшыц Андрэй Загорскі быў затрыманы ў жніўні 2023г. У Мінскім абласным судзе 1 красавіка 2025 г.ен быў прызнаны вінаватым па ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Суд прызначыў яму да 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
27 чэрвеня 2025 г. Андрэя Загорскага ўключылі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці на сайце МУС.
Андрэй Загорскі родам з Докшыцаў. Пасля школы ў 2006 паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, вучыўся на факультэце камп'ютарных сістэм і сетак. Прапісаны ў Копішчы. Падчас вучобы Андрэй пачаў працаваць у EPAM. Упершыню яго затрымліваў ГУБАЗіК у сакавіку 2021 года: Загорскі быў мадэратарам чата «Новая Баравая 98%». У яго дома знайшлі 1500 улётак і канфіскавалі тэлефон.
Міраслаў Каханскі