Аўторак, 24 Люты 2026

"Там умеюць - ламаць рукі-ногі, рваць сэрцы і дзіравіць страўнікі нават без лішняга дотыку"

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Павел Севярынец распавёў пра катаванні за кратамі. Экс-палітзняволены, вызвалены 13 снежня 2025 г. і прымусова дэпартаваны з Беларусі, напісаў  у Фэйсбуку: "З Мікалаем Статкевічам ня "здарыўся інсульт". Мікалая Статкевіча давялі да інсульта". І прыгадаў выпадак з уласнага турэмнага досведу, калі лекары на Акрэсціна "чакалі", пакуль у яго забаляць суставы.

Севярынец перакананы ў тым, што турэмная медыцына скіравана на фізічнаае знішчэнне чалавека, калі не ўдаецца зламіць яго маральна:

"Турэмныя дактары толькі фіксуюць, "дзе тонка" у таго ці іншага вязня, якога начальства вырашыла ламаць - і пасля вязня пераводзяць у адпаведную камеру. А катоўні там на выбар. Лядоўні, каб ламаць косці. Адзіночкі - "труны", дзе замуроўваюць на месяцы. Скразняковыя "трубы" для тых, у каго слабыя лёгкія...

Калі не высыпаешся тыднямі ад холаду, пачынаеш бачыць галюцынацыі, разбіваешся аб плітку, бо раптам адключаешся ўдзень, і раз за разам атрымліваеш "ДП" (дабаўку) - пытанне толькі ў тым, што цябе вырубіць спярша: язва (бо арганізм жарэ сам сябе), запаленне лёгкіх, інсульт, інфаркт альбо вар'яцтва.

Там ня проста ўсё выдатна ведаюць - там мэтанакіравана і тэхналагічна трушчаць чалавека.
І гэта - яўнае крымінальнае злачынства".

Гэты допіс Паўла Севярынца сабраў нямала каментароў, дзе чытачы пацвярджаюць бязлітаснасць турэмнай медыцыны. "Так, тры разы прытомнасьць траціў ад холаду, дык яны нават на гэта ўвагі не зьвярталі. Толькі дадавалі суткі", - напісаў  яшчэ адзін былы палітвязень, журналіст Ігар Лосік. Таксама ў каментарах згадалі Марыю Калеснікаву, якую давялося падчас зняволення лячыць ад язвы страўніка, і мастака Алеся Пушкіна, уратаваць якога не ўдалося. 

Марына Зайцава