Верагодна, супраць яго распачалі новую крымінальную справу за інтэрв’ю інтэрнэт-рэсурсам, уключаным у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ён распавядаў, як яго вывозілі на мяжу наўпрост з бабруйскай калоніі, збіццё пры затрыманні і ў віцебскім СІЗА, а таксама пра ціск на палітвязняў за кратамі.
Віцяблянін Павел Нікіценка быў затрыманы 24 лістапада 2021 г. і і моцна збіты падчас затрымання. У Віцебскім абласным судзе яго прызналі вінаватым па 6-ці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 203-1 (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў), ч. 3 арт. 293 (навучанне і іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках), арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Справу разглядаў суддзя Яўген Буруноў.
Нікіценку прызначылі пакаранне ў выглядзе 4 з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штрафу памерам 3200 руб. і кампенсацыі маральнай шкоды на суму 1000 руб. 17 лістапада 2022 г. КДБ уключыў палітвязня ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарызму". Таксама яго ўнеслі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
11 верасня 2025 года Нікіценку ў ліку 52 беларускіх вязняў прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы. Да сканчэння ягонага тэрміна зняволення заставалася 95 дзён.
У сакавіку 2026 г. высветлілася, што ўлады анулявалі ягоны беларускі пашпарт.
Жанна Жалейка