У Віцебскім абласным судзе тры дні адбываецца суд над 28-гадовым Мікітам Палеонкам. Яго судзяць адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (прадстаўнікоў улады), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у іх), арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). 12 жніўня пракурор запрасіў яму чатыры з паловай гады калоніі. Прысуд будзе вынесены ў панядзелак. Мікіта ўтрымліваецца за кратамі сем месяцаў.

Па інфармацыі праваабаронцаў, 26-гадовага мінчука Дзмітрыя Кубарава з 5 жніўня змясілі ў памяшканне камернага тыпу на шэсць месяцаў. У наваполацкай ПК №1 ён адбывае пакаранне, прысуджанае паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя масавых беспарадкаў) і арт. 295-3 Крымінальнага кодэксу (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў). Хлопец асуджаны да 8-мі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прычым яго судзілі па «палітычных» справах двойчы.

Жыхар Наваградку Дзмітрый Сушчык быў асуджаны на паўтара гады пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 368 за абразу Аляксандра Лукашэнкі і па арт. 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў). Падставай сталі рэпосты матэрыялаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі, а таксама за каментары, якія ён размяшчаў у інтэрнэце. З красавіка ён знаходзіцца ў аршанскай ПК №8, дзе для палітзняволенага стварылі надзвычай цяжкія ўмовы.

Да другой гадавіны з пачатку Жаночых маршаў – 12 жніўня –  "Майстэрня паштовак салідарнасці" разам з кампаніяй #FreeViasna зрабілі стыкерпак, які дапаможа выказаць павагу, любоў і пяшчоту палітзняволеным жанчынам. Мы дашлем налепкі ўсім ім за краты і запрашаем вас дадаць вашыя словы падтрымкі.

Інфармацыю пра тое, што яе падабаронная пакінула Расею пацвердзіла адвакат дзяўчыны Марыя Бяляева. Але канкрэтнае месца знаходжання Яны Пінчук пакуль не вядомае. У Беларусі віцяблянку абвінавачваюць па пяці крыминальных артыкулах: паклёп (артыкул 188 КК), незаконныя дзеянні з персанальнымі данымі іншай асобы (частка 3 часткі 203-1 КК), распальванне сацыяльнай варожасці (частка 3 артыкула 130 КК), стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем (частка 1 і 2 артыкула 361-1 КК), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (частка 3 артыкула 361 КК).