Маці палітвязня Мікалая Чарняўскага, які адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі, расказала «Віцебскай Вясне», што яе лісты не даходзяць да сына. У лісце з калоніі ён паведаміў, што не атрымаў ад яе ніводнага. Напісаў таксама, што яго пазбавілі доўгатэрміновага спаткання.

Пасля скаргі праваабаронцы Паўла Левінава на дзеянні пракурора Віцебску Андрэя Шклярэўскага пракуратура Віцебскай вобласці прызнала памылку з боку падначаленага ёй пракурора і паабяцала, што яна будзе ўлічаная і не паўторыцца ў далейшай працы.

Маці палітвязня Паўла Севярынца, які больш за 10 месяцаў знаходзіцца за кратамі, падзялілася, пра што піша сын у сваіх лістах да яе і бацькі. Па словах Таццяны Севярынец, яна атрымала ад Паўла 75 лістоў. Ён не падае духам: піша кнігу, посціць і прапаведуе ў камеры. 

10 красавіка на волю выйшаў аршанскі палітвязень Міхаіл Беркас. За графіці «Жыве Беларусь», «3%» і іншыя, нанесеныя на будынкі і збудаванні, ён быў асуджаны на 1 месяц арышту па артыкуле 341 КК «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці». Пакаранне 21-гадовы хлопец адбываў у віцебскім СІЗА-2.

Жыхар Воршы Міхаіл Беркас быў асуджаны 24 лютага на 30 сутак арышту паводле арт. 341 КК («Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці»). Суддзя Мікалай Драгун (суд Аршанскага раёну) прызнаў яго вінаватым у нанясенні пратэставых графіці ў адным з раёнаў гораду. Пад варту Міхаіла Беркаса ўзялі 16 сакавіка, яго этапавалі ў віцебскі СІЗА-2. Праваабарончая супольнасць прызнала аршанца палітвязнем.