Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, 16 лістапада скончыўся 5-сутачны тэрмін зьмяшчэньня ў ШЫЗА палітвязьня Міхаіла Жамчужнага. Гэта ўжо 11-е спагнаньне, якое асуджаны атрымаў з пачатку жніўня бягучага году ад адміністрацыі калёніі №9 (г. Горкі). Імаверна, зараз будзе вынесенае чарговае.

На пачатку кастрычніка скончыўся месячны тэрмін знаходжаньня палітвязьня ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ, або «крытка»). І ён ня ведае, дзе будзе далей адбываць прызначаныя судом шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня, зь якіх ён адседзеў ужо амаль палову.

Пасьля больш як месячнага маўчаньня віцебскія праваабаронцы атрымалі доўгачаканы ліст ад палітвязьня Міхаіла Жамчужнага. Страту камунікацыі са зьнешнім сьветам Міхаіл Ігаравіч патлумачыў тым, што працяглы час, 29 сутак, ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары.

Пра тое, што палітвязень Міхаіл Жамчужны знаходзіцца ў карантыне ПК №9 (г. Горкі Магілёўскай вобласьці), віцебскія праваабаронцы даведаліся з атрыманага імі надоечы кароткага ліста. Гэта ўжо трэцяя па ліку папраўчая калёнія, у якой даводзіцца адбываць пакараньне вязьню сумленьня.

Адвакат Міхаіла Жамчужнага прыехаў 13 ліпеня да свайго падабароннага на плянаванае спатканьне ў папраўчую калёнію №11 у Ваўкавыску, дзе палітвязень утрымліваўся з красавіка бягучага году пасьля пераводу з калёніі ў Навасадах. Нечакана высьветлілася, што Жамчужнага ў калёніі няма. Прадстаўнік адміністрацыі паведаміў абаронцу, што з 10 ліпеня палітвязень пераведзены ў калёнію №9, якая знаходзіцца ў Горках.