Адміністрацыя папраўчай установы абвінаваціла Аляксея ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня. Суд Наваполацку прызнаў віну Мілюкова (Жалнова). Судзьдзя Пётар Ляўчонак, старшыня суду, вынес рашэньне аб яго пераводзе ў турму на 1 год.
На судзе Мілюкову былі прад’яўленыя абвінавачаньні ў парушэньні рэжыму ўтрыманьня. Асуджаны ў ліпені 2014 году да 3 гадоў абмежаваньня волі, Аляксей Мілюкоў за час знаходжаньня ў папраўчых установах адкрытага тыпу меў 8 спагнаньняў. Прычынамі былі, напрыклад, несвоечасовая аплата інтэрнату, незапраўлены ложак, нядбалая праца, адсутнасьць ініцыятывы. Аднак, як мяркуе адвакат Пётар Бірукоў, названыя прычыны ня сьведчаць пра ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня, у чым абвінавацілі Мілюкова.
Як правіла, паводле артыкулу 415 Крымінальнага кодэксу, па якім вынеслі прысуд Аляксею, судзяць тых, хто спрабуе ўцячы або злоўжывае алькаголем. Пракурор патрабаваў асудзіць Аляксея Мілюкова на тры гады турмы. Гэта максымальнае пакараньне паводле названага артыкулу. Але рашэньнем судзьдзі Мілюкоў быў асуджаны да пераводу ў турму на адзін год – столькі ж, колькі яму заставалася адбыць і ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
Бацька асуджанага, Алег Жалноў, лічыць прысуд несправядлівым і зьвязвае яго са сваёй актыўнай грамадзкай дзейнасьцю, у прыватнасьці з разьмяшчэньнем у сеціве зьнятых ім відэазапісаў з зафіксаванымі парушэньнямі, зьдзейсьненымі бабруйскімі міліцыянтамі.
Як мяркуе Алег Жалноў, з гэтай самай прычыны яго сын быў асуджаны і ў 2014 годзе. Тады Аляксея Мілюкова пакаралі ня толькі абмежаваньнем волі на 3 гады, але й штрафам у памеры 50 мільёнаў рублёў (5 000 рублёў новымі). Прычынай прыцягненьня Мілюкова да крымінальнай адказнасьці стаў выпадак, які здарыўся ўвосень 2013 году. Алег Жалноў здымаў на відэа машыну, якая, паводле яго словаў, была няправільна прыпаркаваная побач з будынкам бабруйскай ДАІ, і зьвярнуў на гэты факт увагу супрацоўнікаў міліцыі. Аднак, як сьцьвярджае спадар Жалноў, міліцыянты абвінавацілі яго з сынам у тым, што яны замінаюць працаваць, і з прымяненьнем сілы зацягнулі ў пастарунак. У дачыненьні да Аляксея Мілюкова завялі крымінальную справу за тое, што ён нібыта ўдарыў па галаве капітана міліцыі Аляксандра Бутоўскага, што прывяло да страсеньня мозгу апошняга. У ліпені 2014 году адбыўся суд, на якім Мілюкова прызналі вінаватым.
Кацярына Загорская