Уладзімір Пунько кажа, што для таго, каб прыйсці ў сябе, яму спатрэбілася некалькі дзён. У ізалятары ён абвяшчаў галадоўку.
Пунько – дырэктар аднаго з віцебскіх прыватных прадпрыемстваў. Ён не першы раз адбываў пакаранне арыштам у ІЧУ. У лютым 2021-га правёў 7 сутак адміністрацыйнага арышту за чырвоную паласу на ўласным балконе. Некалькі разоў сядзеў у 2020 годзе. Цяпер, паводле мужчыны, умовы ў віцебскім ізалятары часовага ўтрымання нашмат пагоршыліся.
Адабралі ўсё, перадачы не прымалі
«Адабралі ўсё: запісную кніжку, ручкі, кнігі мастацкія – цалкам усё адабралі. Перадачы не прымаюць – спасылаюцца на каронавірус», – расказвае Уладзімір Пунько.
Сцвярджае, што за 20 сутак яго ніводнага разу не выводзілі на шпацыр. Лісты таксама не даходзілі. Не перадалі нават віншавальную паштоўку на дзень нараджэння. Апроч таго, у камеру падсялілі бяздомнага. Лічыць, што незнарок. Уначы – некалькі праверак, святло не выключаюць. Матрацы на дзень забіралі, даводзілася ўвесь дзень сядзець на голым жалезе.
«Рэчы вытрасаюць і раскідваюць па ўсёй камеры, усё гэта робіцца назло», – гаворыць.
Мужчына напісаў скаргу на дзеянні адміністрацыі начальніку ізалятара Уладзіміру Сасіноўскаму.
«Ён яе разглядаць не захацеў, і я абвясціў галадоўку. Нават не я. Уся камера абвясціла галадоўку», – распавядае.
«Яны проста канчаткова губляюць розум»
«Але ў выніку атрымаў два адказы на мае скаргі. Аднак на выхадзе, пакуль стаяў тварам да сцяны, яны ўсе гэтыя паперкі выцягнулі ў мяне. То бок я нават не змог на волю вынесці тое, што яны мне адказалі на скаргі», – абураецца Уладзімір.
«Яны проста канчаткова губляюць розум», – падсумоўвае віцяблянін, кажучы пра дзеянні адміністрацыі ізалятару.
Расказаў таксама, што падчас адседкі да яго прыходзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК, каб апытаць.
Цяпер Уладзімір Пунько на волі. На выхадзе з віцебскага ІЧУ яго сустракалі калегі па працы і сябры.
Уладзімір Бяляўскі