Як і многія беларусы, Уладзімір Пунько пачаў праяўляць грамадзянскую актыўнасць пасля прэзідэнцкіх выбараў. Неаднаразова ўдзельнічаў у мірных шэсцях, за што ў кастрычніку 2020 году адбыў агулам 17 сутак арышту (па дзвюх справах). Тады ж, у кастрычніку, за чырвоную паласу на балконе быў складзены першы адміністрацыйны пратакол – паводле арт. 21.14 КаАП («Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў»). Разглядаць справу мелася спецыяльная камісія пры выканкаме, але чыноўнікі займацца гэтым не сталі – па сканчэнні тэрміну даўнасці справу спынілі.
Аднак 15 студзеня да Пунько прыехалі супрацоўнікі МУС і затрымалі дзяўчыну, аспірантку-медыка, якая гасціла ў яго. Яе даставілі ў Кастрычніцкі РАУС. Гаспадар кватэры паехаў у аддзяленне міліцыі, але быў там затрыманы і змешчаны ў ІЧУ.
Перш чым скласці пратакол, супрацоўнік міліцыі Віталь Праліч выставіў умовы: калі зафарбуе паласу на балконе – яго адпусцяць дамоў і пратаколу не будзе. Уладзімір адмовіўся.
«Гэта не сцяг, гэта вынік маіх памкненняў да прыгажосці, і зафарбоўваць не буду, бо мне падабаецца», – адказаў Уладзімір Пунько.
Трое сутак да суду, ад 15 да 18 студзеня, ён правёў за кратамі ІЧУ. На трэці дзень суддзя Іна Грабоўская прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні і пакарала 7 суткамі арышту паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП. Суд праходзіў у ізалятары.
Выйшаўшы на волю, прадпрымальнік так і не зафарбаваў «чырвоную хвалю» на балконе.
Уладзімір Бяляўскі