Увечары 16 лютага ў раёне «Аэрадрому» ў Полацку затрымалі сем чалавек – пяць жанчын і дваіх мужчын. Усіх абвінавацілі ў арганізацыі незаконнага масавага мерапрыемства: фатаграфаваліся на фоне сцяга і выкладалі фота ў тэлеграм-каналах. Затрыманыя сваёй віны не прызналі.
На судзе міліцыянты не падалі ніякіх доказаў вінаватасці затрыманых – не было ні фотаздымкаў, ні фактаў іх публікацыі ў інтэрнэце. Затое былі сведчанні палачанкі Тамашэвіч, якая нібыта бачыла, як грамадзяне фатаграфаваліся са сцягам. Пазней аказалася, што гэта менавіта яна тэлефанавала ў міліцыю. Высветлілася таксама, што Алена Тамашэвіч – супрацоўніца СК. Затрыманнем жа мірных грамадзян 16 лютага кіраваў капітан міліцыі Сяргей Лемеш.
Судовыя паседжанні праходзілі па скайпе, калі затрыманыя знаходзіліся ў РАУС. Дзяніс Кухто асуджаны на 15 сутак арышту (суддзя Уладзімір Бясецкі), Павел Хошчанка – на 15 сутак (суддзя Людміла Блізнёва), Валянціна Сергіенка – на 7 сутак (суддзя Раіса Штуро), Вольга Папкова і Марына Белавус аштрафаваныя на 30 базавых велічынь (суддзя Віктар Баліка), Ірына Рабіза пакараная штрафам на 50 базавых велічынь (суддзя Дзергачоў), Алена Барздукова – на 30 базавых (Блізнёва).
У некаторых з затрыманых прайшлі ператрусы.
Аляксандр Марозаў