Маючы шматгадовы досьвед працы ў якасьці назіральніка за ўсімі стадыямі выбарчага працэсу, Леанід зьвярнуўся ў ЦВК з прапановамі, якія, у першую чаргу, датычацца правоў назіральнікаў. А менавіта: забясьпечыць назіральнікаў магчымасьцю бесьперашкодна прысутнічаць на арганізацыйных паседжаньнях акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў і надаць ім права весьці фота- і відэаздымкі на ўсіх стадыях працы акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў, у тым ліку падчас падліку галасоў.
Не забыўся спадар Сьвецік агучыць просьбу пра тое, каб ўчастковыя камісіі забясьпечылі прысутнасьць назіральнікаў падчас галасаваньні на даму. Таксама ён папрасіў зрабіць абавязковым пацьверджаньне выбаршчыкам сваіх дадзеных падчас зьверкі сьпісаў выбаршчыкаў і дазволіць назіральнікам зьдзяйсьняць візуальны кантроль ходу падліку галасоў.
Апроч таго, праваабаронца прапанаваў вырабляць бюлетэні для галасаваньня з трыма ступенямі абароны ад падробкі і выкарыстоўваць аднаразовыя неразборныя скрыні. Яшчэ адна яго прапанова: прадугледзець у акруговых і ўчастковых выбарчых камісіях наяўнасьць кнігі заўваг і прапаноў.
Леанід Сьвецік лічыць свае прапановы цалкам рэалізуемымі і здольнымі істотна зьмяніць працу выбарчых камісіяў у бок адкрытасьці, павысіць давер да працэдуры галасаваньня і падліку галасоў. На думку праваабаронцы, выказаныя ім прапановы асабліва значныя для назіральнікаў, каб яны маглі фіксаваць факты парушэньняў выбарчага заканадаўства з боку ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу.
У адказ старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла назіральніку-праваабаронцу, што пры ЦВК створаная міжведамасная экспэртная працоўная група, і гэтай групай ўжо былі выпрацаваныя для разгляду кіраўніком дзяржавы прапановы аб мерах па ўдасканаленьні выбарчага працэсу. Прычым гэтыя меры могуць быць прынятыя і прымененыя падчас правядзеньні выбараў дэпутатаў парлямэнту ўвосень бягучага годк і бязь зьменаў заканадаўства.
Лідзія Міхайлаўна таксама паведаміла, што прапанаваныя экспэртнай працоўнай групай прапановы накіраваныя на павышэньне адкрытасьці фармаваньня выбарчых камісіяў, інфармаваньне грамадзкасьці пра вынікі разгляду скаргаў наконт выбарчых спрэчак, стварэньне ўмоў для ажыцьцяўленьня назіраньня за выбарчымі працэдурамі.
На практыцы гэта азначае, што прапановы праваабаронцы ня будуць улічаныя падчас арганізацыі Цэнтарвыбаркамам выбараў у парлямэнт.
Леанід Сьвецік не хавае свайго расчараваньня фармальным падыходам цяперашняга кіраўніцтва ЦВК да разгляду яго прапаноў. Тым ня менш ён спадзяецца, што ў найбліжэйшай будучыні будзе сфармаваная Цэнтральная выбарчая камісія ў новым складзе і зь іншым кіраўніцтвам, здольным ацаніць і ўспрыняць ягоныя ідэі наконт ўдасканаленьня выбарчага заканадаўства.