Субота, 10 Снежань 2022

Зняволенаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму ўручылі Нобелеўскую прэмію міра

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Осла 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека — адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе прэстыжную прэмію атрымалі адразу тры намінанты: кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, украінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійскі “Мемарыял”. Праваабаронца Алесь Бяляцкі не змог асабіста атрымаць узнагароду — ён ужо 17 месяцаў утрымліваецца за кратамі ў межах крымінальнай справы. Таму прэмію замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.

7 кастрычніка 2022 года Нарвежскі Нобелеўскі камітэт паведаміў, што старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Разам з Алесем Бяляцкім прэмію атрымалі ўкраінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял". У гэтым годзе праваабаронца вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра шосты раз. 

Прэмію міру, паводле завяшчання Альфрэда Нобеля, прысуджаюць "асобе, якая дасягнула найбольшых поспехаў альбо зрабіла больш за іншых у справе згуртавання народаў і скарачэння колькасці дзейных войскаў, а таксама за правядзенне мірных кангрэсаў і прыцягненне да іх увагі".

Алесь — трэці чалавек, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся за кратамі. За шматгадовую праваабарончую дзейнасць Алесь знаходзіцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 года — ужо 17 месяцаў. Праваабаронцу з калегамі абвінавачваюць у “кантрабандзе арганізаванай групай” у 2016-2020 гадах і “фінансаванні актыўных групавых дзеянняў, што груба парушалі грамадскі парадак” падчас масавых акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Таму сёння, 10 снежня, у Осла Нобелеўскую прэмію міру замест старшыні "Вясны" артымала ягоная жонка Наталля Пінчук. У гэты дзень упершыню ў гісторыі прэміі Нобелеўская прамова прагучала на беларускай мове.

Як павіншаваць Алеся Бяляцкага з атрыманнем Нобелеўскай прэміі міру?

 Спосабы віншавання і падтрымкі Алеся вельмі абмежаваны беларускімі ўладамі. Але мы заклікаем вас працягваць выказваць сваю салідарнасць як з Алесем Бяляцкім, так і з астатнімі палітычнымі зняволеннымі, якія пераследуюцца за сваю мірную дзейнасць, наступнымі спосабамі:

лістом, паштоўкай ці тэлеграмай (з дамашняга тэлефона можна па нумару 166);

грашовым пераводам праз пошту ці інтэрнэт-банкінг з беларускай карткі;

пасылкай з рознымі прыемнымі дробязямі;

медыцынскай бандэролькай з вітамінамі.

Акрамя гэтага, можна:

падпісаць петыцыю Libereco за вызваленне Алеся Бяляцкага і беларускіх палітвязняў;

напісаць адкрыты ліст і адправіць яго на пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. альбо ў тэлеграм @spring96info;

зрабіць пост пра Алеся з хэштэгам #FreeAles #FreeViasna;

зладзіць акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім, калі вы знаходзіцеся ў бяспечнай краіне;

падтрымаць данатамі «Вясну» на Patreon.

Падтрымайце палітзняволеных вясноўцаў лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу