Прычыны для гэтага розныя: фінансавыя і бюракратычныя складанасьці пры стварэньні прышкольных лягераў працы і адпачынку (а часам і проста фармальны падыход да пытаньня) з аднаго боку і адсутнасьць заявак ад наймальнікаў - з другога.
«Мы маем два асноўных напрамкі работы, - патлумачыла намесьнік старшыні - начальнік упраўленьня занятасьці насельніцтва камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне аблвыканкаму Ірына Матвеева. - У межах дзяржаўнай праграмы сёлета выдзелена 4,5 млрд рублёў для арганізацыі працы 3,5 тыс. навучэнцаў. У асноўным гэта працы па рамонце школьнай мэблі, добраўпарадкаваньні, пашыве простых элемэнтаў інтэр’еру. Другі напрамак - за кошт сродкаў наймальнікаў. Але ў 2014 годзе дагэтуль няма заявак зь Бешанковіцкага, Гарадоцкага, Лепельскага, Докшыцкага, Мёрскага раёнаў, хаця раней сельгаспрадпрыемствам заўсёды патрабавалася дапамога на палёх. Нават Віцебск ня цешыць вакансіямі для непаўнагадовых».
Трывогу б’е і абласны штаб працоўных спраў. Паводле слоў першага сакратара абкаму БРСМ Юліі Бутар, на сёньняшні дзень заключаныя дамовы на працаўладкаваньне 2883 чалавек, працуюць пакуль 1495. У такіх умовах вельмі складана фармаваць нават будаўнічыя атрады: пакуль толькі два наймальнікі - будтрэст № 9 і ВКПДУП «ВІТЭК» УП «Віцебскаблрамбуд» - пагадзіліся на заключэньне дамоваў.
«У нас столькі ахвотных папрацаваць! Студэнты тэлефануюць штодня. Але калі цяпер нічога не распачаць, то мы іх проста выпусьцім: скончацца экзамэны, і маладзёны разьедуцца па дамох», - агучыла пэрспэктыву Юлія Бутар.
Але ёсьць яшчэ адзін аспэкт, зьвязаны з другаснай занятасьцю, які ў сьвятле гэтых падзеяў набывае асаблівую актуальнасьць: «Працаўладкаваньне - гэта ня толькі магчымасьць з карысьцю правесьці летнія вакацыі, зарабіць кішэнных грошай, - падкрэсьліў намесьнік старшыні аблвыканкаму Ўладзімер Цярэнцьеў. - Гэта яшчэ і забесьпячэньне занятасьці дзяцей, падчас якой яны будуць пад наглядам, а не аддазеныя самі сабе. Такім чынам, менш шанцаў падвергнуцца рызыцы або зьдзейсьніць супрацьпраўнае дзеяньне».
Старшы інспэктар па асаблівых даручэньнях УУС Дзьмітры Новікаў распавёў, што пры агульнай тэндэнцыі да зьніжэньня злачыннасьці сярод непаўнагадовых у Верхнядзьвінскім, Полацкім, Пастаўскім, Мёрскім, Аршанскім раёнах такіх фактаў стала больш у параўнаньні зь мінулым годам. Асабліва нядобрай статыстыкай вызначыўся Барковіцкі ліцэй Верхнядзьвінскага раёну, дзе сёлета ўжо ўзбуджана 11 крымінальных спраў у адносінах да непаўналетніх.
Але яшчэ больш праваахоўнікаў вобласьці турбуе тое, што за 5 месяцаў заведзена ўжо 18 крымінальных спраў, зьвязаных зь незаконным абаротам наркотыкаў. У большасьці выпадкаў вядзецца пра спайсы. Таму міліцыя прапануе аб’ядноўвацца з аддзеламі адукацыі для сумесных праверак, уводзіць практыку заахвочваньня устаноў адукацыі, якія выявілі ў сябе факт спажываньня або куплі-продажу наркатычных рэчываў.
Таксама праваахоўнікі настойваюць на тым, каб фармулёўкай «тэматычныя дыскатэкі для непаўнагадовых» у сельскай мясцовасьці не прыкрывалі бесьперашкодны пропуск падлеткаў на дарослыя начныя дыскатэкі. Бо тым самым, па сутнасьці, правакуецца парушэньне закону, калі дзеці пасьля танцаў адны ноччу вяртаюцца дадому.
Крыніца: Витебские вести