“Прышчэпкі выдзяляюць не рэгулярна і мала, і ўсе тэрміны мінаюць, — распавядае жыхар Лынтупаў Уладзімер. — Дзеткам, якія ў тры месяцы павінны быць уколатыя, ужо і па пяць, і па шэсьць, а яны не прышчэпленыя. Дзеці да году і звыш году таксама не атрымалі вакцыну. Наогул, у шпіталі нават не агучваюць, колькі дзяцей не прышчэплена пасьля году”.
Галоўны лекар Пастаўскага шпіталя Ўладзімер Чакaвы тлумачыць адсутнасьць прышчэпак тым, што сама раённая лякарня вакцыну не закупляе, гэта робіцца на абласным узроўні. Матэрыял для вакцыны паступае з-за мяжы, таму некаторы час займае кантроль яе якасьці.
“Прышчэпкі для дзяцей, КДС-прышчэпкі — гэта праблема, якая вырашаецца на ўзроўні вобласьці і краіны, тэрміны яшчэ ня выйшлі, — тлумачыць Уладзімер Чакавы. — Сам працэс паступленьня вакцыны прадугледжвае кантроль якасьці, пакуль вакцыны знаходзяцца на кантролі якасьці. Яны павінны паступіць ужо на наступным тыдні”. Пры гэтым Уладзімер Чакавы адзначае, што яго як лекара радуе, што бацькі хвалююцца за здароўе сваіх дзяцей.
Крыніца: Эўрарадыё