Як распавёў Валер Місьнікаў, Алена Шандзюкова зьвярнулася ў юрыдычную кансультацыю з просьбай аказаць ёй дапамогу ў судовай справе супраць Белдзяржстраху, які ня выканаў сваіх забавязаньняў па вяртаньні атрыманай грашовай сумы ў адпаведнасьці з дамовай аб доўгатэрміновым страхаваньні. За аказаньне юрпаслугаў жанчына заплаціла 500 тысяч рублёў, у кансультацыі ёй паабяцалі зрабіць неабходны разьлік. Разьлік не зрабілі і грошы не вярнулі, заявіўшы, што жанчына атрымала кансультацыю праз тэлефон.
Алена Шандзюкова падала пазоў супраць юрыдычнай кансультацыі, патрабуючы вярнуць грошы. Судзьдзя Вікторыя Лешчанка не дазволіла прадстаўнікам прафсаюзу абараніць работніцу, спаслаўшыся на тое, што яны не састаяць з пазоўніцаў ў блізкай роднасьці. Місьнікава нават не пусьцілі ў залю паседжаньняў. Як сказала Алена Шандзюкова, «судзьдзя грудзьмі ўстала ля дзьвярэй».
«Мы ня ведаем пакуль рашэньня суду, бо мяне ў залю не пусьцілі, а Алена сама адмовілася ўдзельнічаць у гэтым спэктаклі, - распавёў прафсаюзны юрыст. - Судзьдзя адкрыта парушыла канстытуцыйнае права грамадзяніна на атрыманьне дапамогі адваката або законнага прадстаўніка. Падчас учорашняга слуханьні мяне выдалілі з залі толькі за тое, што я сказаў, што гэта я дапамог пазоўцу скласьці заяву. Простая вясковая жанчына апынулася сам-насам з чатырма прафэсійнымі юрыстамі. Супраць юрыдычна непісьменнага чалавека выступілі загадчыца Віцебскай абласной калегіі адвакатаў Аліна Пужэвіч, загадчыца юркансультацыі № 2 Тацьцяна Ткачонак і адвакат гэтай кансультацыі Натальля Станкевіч».
Валер Місьнікаў папярэдзіў, што беларускае заканадаўства забараняе процідзейнічаць абароне ў судзе. Прафсаюзны юрыст накіраваў у галоўную ўправу юстыцыі і ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску скаргу наконт парушэньня правоў Алены Шандзюковай, у якой запатрабаваў правядзеньня праверкі.
Крыніца: Прафсаюзны рух Беларусі