Эльвіра, 41 год, працуе. Мае знаёмыя перадпэнсійнага ўзросту – людзі старой загартоўкі. Мы ж, тыя каму цяпер у раёне сарака гадоў, ня маем таго здароўя, што ў іх. Экалягічнае становішча ў краіне пасьля Чарнобыля ня можа не ўплываць на здароўе простага чалавека. Ва ўзросьце, блізкім да шасцідзесяці, мы ня здолеем выконваць сваю працу гэтак жа эфэктыўна, як яны. Мы – іншае пакаленне...
Па спэцыфіцы маёй працы мне павінны даплачваць за шкоднасьць, але мы не атрымліваем нічога. Нават малако – і тое не даюць, як раней. Яно ўжо і сёньня працаваць няпроста, у нас людзі хутка зношвняаюцца. І як доўга мы працягнем па такой працы? Дапрацаваць да пэнсіі ў нас імкнуцца толькі тыя, каму засталося пару-тройку гадоў. Многія сыходзяць з працы, бо складана.
Сярод маіх знаёмых – усе супраць новай пэнсійнай рэформы. Але народ маўчыць, пратэставаць ніхто ня пойдзе. Маўчыць таму, што ўжо навучаны: «Нешта не падабаецца – ідзіце прэч. Вас тут ніхто не трымае». Вось вам прыклад: маці-адзіночка, спрабуючы знайсьці паразуменьня ў начальніка, кажа: «Увайдзіце ў маё становішча, я ж адна гадую дзіця». – «А трэба так, каб ты не адна выхоўвала».
Даводзіцца маўчаць, бо самае страшнае ў нашых варунках – страціць працу. Дайшло да таго, што вытворчыя ці тым больш палітычныя моманты паміж сабой калегі ўжо амаль не абмяркоўваюць. Палохаюцца: а раптам нехта перадасьць кіраўніцтву. Усё спакойна, усё ціха й сьвята.
Застаецца толькі кпіць зь сябе: прыйдзе час, абслугоўваць насельніцтва буду з кійком, бо ў пяцьдзесят восем гэтак, як у маладосьці, не пабегаеш. А пры высокім беспрацоўі згубіць працоўнае месца з-за сваёй прафэсійнай неканкурэнтаздольнасьці будзе лягчэй за лёгкае. Ну а цяпер скажыце, як я магу ставіцца да новых правілаў выхаду на заслужаны адпачынак?
Лявон, 45 гадоў, кіроўца. Ва ўмовах існуючага на Беларусі рэжыму паўнавартасную пэнсійную рэформу правесьці немагчыма ў прынцыпе. Таму прынятыя ўладай паўмеры прынясуць беларускаму грамадзтву толькі шкоду. Страшэнную шкоду.
Тое, што робіцца сьпехам – без грамадзкага абмеркаваньня, без уліку мэдычных досьледаў, без дэбатаў у парлямэнце – ня можа быць на карысьць. Ужо адно тое, што гэтае пытаньне вырашаецца ў пажарным парадку ўказам кіраўніка дзяржавы – нонсэнс. Дзе абмеркаваньне? Дзе навуковы аналіз наступстваў рэформы, якая адбываецца ва ўмовах страшэннай эканамічнай і сыстэмнай крызы? Пра якую рэформу можна казаць у прынцыпе?
Папомніце мае словы. У выніку тысячы людзей, якім споўніцца 60 гадоў, апынуцца на вуліцы, якраз за 3-5 гадоў да пэнсіі, бо працадаўцы найперш арыентуюцца на адмыслоўцаў маладога і сярэдняга ўзросту. І што гэтыя небаракі будуць рабіць? Чым будуць расплачвацца за сваё вымушанае дармаедзтва?
Сёньня хаваў чалавека, які ў 55 гадоў пайшоў з жыцьця. Пра якую рэформу можна казаць, калі людзі нават не дажываюць да пэнсіі? Найперш трэба зьмяняць існуючы тут антычалавечы рэжым. І толькі праз два-тры гады пасьля зьмены можна будзе ў парлямэнце разгледзець гэтае пытаньне. Сёлетняе ж падвышэньне пэнсійнага ўзросту проста даб'е апошнія людзкія спадзевы на існаваньне справядлівай сацыяльнай дзяржавы. Будзе капец, поўны.
Яны кажуць: «Працягласьць жыцьця павялічваецца». Няхай сходзяць на гарадзкія могілкі ў Капцях і паглядзяць, колькі там ляжыць маладзёнаў. Вось толькі што пахавалі трыццацігадовага хлопца. Працаваў у Маскве, захварэў, не ўзялі ў лякарню, згарэў за два дні. Прывезьлі, пахавалі. Якая можа быць пэнсійная рэформа? Людзі ў рабстве знаходзяцца, людзей бессаромна зьнішчаюць... Я жыву сярод простых людзей – таму ведаю, чым яны дыхаюць. Да падвышэньня пэнсійнага ўзросту стаўлюся адназначна адмоўна. Нам два месяцы заробак не плацілі, няма чым плаціць. За што жыць? А начальства кажа: «Не падабаецца – едзьце ў Масковію».
Знаёмы міліцыянт распавядаў. Зайшоў у адну сям'ю, бачыць – на стале ежа, кажа: «Малайцы, кашу прыгатавалі». А гаспадары ў адказ: «Якую кашу? Па сто тысячаў у калгасе далі, вось камбікорм малаком запарылі». Сям'я. Як жыць?
Якая рэформа, калі яны ў сорак гадоў галаву ў пятлю кладуць? Пэнсійная рэформа будзе для шмат каго страшэнным маральным ударам. А дзе маральныя пакуты – там могілкі! І выйсьця няма, людзі выйсьця ня бачаць. Цёмная ноч надышла над Беларусяй. Эўропа з рэжымам у цацкі гуляе, а той за крэдыт гатовы сваіх людзей у магілу загнаць.
Алесь, 59 гадоў, не працуе. Калі тая дзяржава, у якой мы з вамі жывём, насамрэч цывілізаваная і сацыяльна арыентаваная, то прычым тут абавязковыя пятнаццаць – дваццаць гадоў працоўнага стажу? Нават калі чалавек не працаваў і гадзіны, ён мусіць атрымліваць мінімальную сацыяльную пэнсію. Калі ж дзяржава ня здатная грамадзянам той мінімум забясьпечыць, то навошта такая дзяржава? Ці мала, якія прычыны былі ў таго чалавека – не працаваць? Розныя бываюць людзі, розныя магчымасьці, розныя абставіны...
Дзяржава па сваім азначэньні ня мае права пазбавіць чалавека сацыяльнай пэнсіі. Ня здатныя – сыходзьце, знойдуцца людзі, якія забясьпечаць гэтыя мінімальныя сацыяльныя гарантыі. Наш чалавек гэтага лікбезу не разумее і пагаджаецца зь дзяржаўным валюнтарызмам.
Усё, што адбываецца ў нашай дзяржаве апошнія дваццаць гадоў, – гэта поўная прафанацыя. Як можна налічваць справядлівую пэнсію без уліку таго, што шмат хто з грамадзян жылі ў розных дзяржавах, у дзьвюх розных грашовых сыстэмах? Пра гэта трэба казаць таксама.
На сёньня любы беларускі пэнсіянэр мусіць атрымліваць, як мінімум, сто даляраў. Ніжэй за гэтую мяжу апускаць нельга, а далей няхай думаюць – яны дзеля таго краінай і кіруюць. «Не народ для ўраду, а ўрад для народу!» – гэта клясыка. Калі клясыкі ня ведаеш, што ты там робіш?
Калі ж я маю дастатковы стаж, тады мушу атрымліваць такую пэнсію, каб мне хапіла на аплату камунальных паслуг і яшчэ засталося на тое, каб паесьці ды апрануцца. Астатняе мяне не хвалюе. Хай тое хвалюе дзяржаву. Калі дзяржаву тое не хвалюе, навошта мне такая дзяржава? Існуе ж аб'ектыўны пражытковы мінімум, ніжэй за які яны ня маюць права апускаць пэнсію. Усё! Гэта аснова цывілізаванага стаўленьня дзяржавы да сваіх грамадзян. Пляваць я хацеў на іхныя пяць – дзесяць – дваццаць гадоў працоўнага стажу. Такую лухту маглі выдумаць людзі ад сахі, ня здатныя кіраваць дзяржавай...
Дык што выходзіць? Калі ў мяне ёсьць 15 год, а трэба 20: што я, бомж? Добра, але заплаці мне за 15 год. Лухта нейкая. Я працаваў галоўным спэцыялістам у калгасе, на старшай вэтэрынарнай пасадзе два гады працаваў. Такія аклады атрымліваў. Працаваў галоўным тэхнолягам... І цяпер я бомж? Я два гады адслужыў у войску, пяць гадоў – ва ўнівэрсытэце. Як можна было адабраць армію? Не разумею! Гэта злачынства! Гэта прыніжэньне грамадзянскай годнасьці. Маўляў, усё адно схáваеце! Сем гадоў адабралі...
Я што, па сваёй ахвоце ў войска пайшоў? Тры гады я даглядаў сваю хворую маці, нідзе не працаваў, але ж не здаваў яе ў сацыяльную дзяржаўную ўстанову. І гэтыя гады ня будуць улічвацца пры налічэньні пэнсіі? Фашызм нейкі! Я круглыя суткі ня мог адысьці ад хворага чалавека. Наогул, ці ёсьць душа ў тых людзей, якія новыя правілы налічэньня пэнсіі прыдумалі?
Аляксандар, 54 гады, даглядае хворую маці. Трэба разумець, што, падвышаючы пэнсійны ўзрост, улада за кошт зьбядненьня простых беларусаў ратуе эканоміку. Так, людзі абураюцца, аднак з плякатамі ня выходзяць і лісты ў міністэрствы ня пішуць. Але найперш уражвае цынізм і нахабства ўлады. Выключыўшы з працоўнага стажу войска і гады навучаньня ў ВНУ, яны пазбавілі людзей ад 2-х да 7 гадоў стажу.
Я не юрыст, але такой элемэнтарнай юрыдычнай недасьведчанасьці не дапусьціў бы ніколі. Згодна зь іх лёгікай выходзіць, што сорак гадоў таму чалавек мусіў ведаць пра іхную цяперашнюю ініцыятыву. Але ж мяне тады ніхто не папярэдзіў, і прадбачыць я ня здолеў, што сёньняшняя дзяржава будзе гэтак цынічна зь мяне зьдзекавацца. Наадварот, ужо тады я думаў, што, каб у мой працоўны стаж увайшлі гады навучаньня, трэба пайсьці пасьля школы працаваць. І толькі адпрацаваўшы год, паступіў ва ўнівэрсытэт.
Таму, перш чым касаваць былыя нормы, трэба было сказаць сёньняшнім выпускам школаў, што з пэўнага году войска і навучаньне падчас налічэньня пэнсіі пад увагу ніхто браць ня будзе. Дык сёньняшнія выпускнікі мо' паглядзяць, ці ёсьць сэнс у навучаньні.
Наогул, хто намі кіруе? Што гэта за ўрад? Што гэта за дэпутаты? Што яны робяць? Гэта натуральны здзек! А калі ўжо дзяржава выключае армію, то ў такім выпадку грамадзянін мусіць мець права сказаць: «Мая добрая воля – ісьці служыць, ці не». Хіба гэта не прававое бязьмежжа?
Ня з гэтага трэба пачынаць, калі эканоміка ў крызысе.
С. Горкі