Кажуць актывісты Свабоднага прафсаюзу рабочых заводу «Шкловалакно»: «Ці атрымаецца гэтым разам зьнішчыць суполку рабочага прафсаюзу на прадпрыемстве і звольніць аднаго зь лідэраў – залежыць ад работнікаў гэтага прадпрыемства. Наймальнік нармальна рэагуе толькі на адно слова – страйк. Калі работнікі здольныя на хай і кароткі, але голасны салідарны страйк, то зь імі будуць лічыцца і выконваць іх патрабаваньні і надалей. Калі не – будзе яшчэ горш. Час сьлёзных прашэньняў прамінуў».
Прыхільнікі СПБ заклікаюць тых, каго хвалюе сытуацыя, засьведчыць сваю салідарнасьць, даслаўшы ліст-пратэст на электронную пошту прадпрыемства: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..
«Слушным і неабходным першым крокам павінен быць выхад з прадажнага Белхімпрафсаюзу, – зьвяртаюцца рабочыя – сябры Свабоднага прафсаюзу да сваіх таварышаў па працы. – Таксама добры крок – гэта далучэньне да суполкі СПБ. Усе, хто ўступаў у СПБ, застаюцца асацыяванымі сябрамі СПБ, маюць права на падтрымку прафсаюзу. Яны змогуць аднавіць пералічэньне ўнёскаў праз бухгальтэрыю, калі спыніцца ціск і перасьлед за ўдзел у Свабодным прафсаюзе. Мудры Махатма Гандзі сказаў: «Спачатку вас не заўважаюць, потым з вас сьмяюцца, потым з вамі змагаюцца. А пасьля вы перамагаеце». Наш офіс працуе па суботах з 14:00 да 18:00. Вуліца Ўсьпенская 3-13, тэлефон 7129120 – МТС».
Змаганьне супраць прафсаюзу
Суполка СПБ дзейнічае на «Шкловалакне» больш за дзесяць гадоў. Найлепшым часам для прафсаюзнай дзейнасьці былі першыя 2-3 гады. Усё пачалося з нуля, а праз кароткі час у суполцы было ўжо амаль 300 сяброў.
Хуткі рост колькасьці сяброў СПБ напалохаў адміністрацыю і афіцыйны прафсаюз. Пачаўся ціск і запалохваньне работнікаў. Гэта не дапамагала. Тады па надуманай падставе звольнілі старшыню суполкі, апэратара 7-га цэху Віктара Стукава. Але прафсаюз зьнішчыць не атрымалася, хоць колькасьць яго сяброў стала зьмяншацца. Пасьля пад ціскам Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Віктара аднавілі на заводзе. За парушэньне правоў прафсаюзаў эўрапейскія краіны пазбавілі Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў. Для «Шкловалакна» закрыўся амэрыканскі рынак.
А тым часам для лепшага кантролю над працоўнымі і змаганьня зь незалежнымі прафсаюзамі была ўведзеная кантрактная сыстэма. Начальнікі «Шкловалакна» пры актыўным удзеле Белхімпрафсаюзу сталі палохаць работнікаў прадпрыемства непрацягненьнем кантракту, калі яны ня выйдуць з СПБ. У выніку значная частка чальцоў суполкі СПБ перастала плаціць унёскі праз бухгальтэрыю прадпрыемства. Але заяваў на выхад з прафсаюзу ніхто не напісаў. Бачачы марнасьць сваіх намаганьняў па зьнішчэньні Свабоднага прафсаюзу, адміністрацыя ў другі раз звольніла яе лідэра Віктара Стукава. Для гэтага начальнікам з 7-га цэху спадарам Сапегу і Доўбушу давялося пабегаць па начох, каб злавіць Стукава на дробных парушэньнях.
Звальненьне прафсаюзнага лідэра дало плён: зьніжэньне колькасьці сяброў прафсаюзу стала больш інтэнсіўным. Але ў той самы час пачаўся рост суполак і асобных сяброў СПБ у горадзе – на вінзаводзе, сярод прадпрымальнікаў, ва ўнівэрсытэце, на прыватных прадпрыемствах. Інфармацыя пра тое, што, стварыўшы свой рабочы прафсаюз або проста ўступіўшы ў СПБ, можна дамагчыся падвышэньня заробку, паляпшэньня умоваў працы, бясплатна атрымаць юрыдычную кансультацыю і дапамогу ў судзе, разьляцелася па Полацку і спрычынілася да далучэньня да Свабоднага прафсаюзу многіх работнікаў у горадзе і раёне.
У ранейшыя гады перасьлед сяброў СПБ ініцыяваўся былой намесьніцай дырэктара па ідэалёгіі Людмілай Проп, але яна не выканала пастаўленай задачы і была звольненая. Дырэктар Качаноўскі ёй не дапамог, а неўзабаве сам быў адпраўлены за вароты. Яшчэ раней яго папярэднік Дзямідаў, што рупіўся пра звальненьне Стукава, трапіў за краты. Лёс кіраўнікоў іншых прадпрыемстваў у горадзе, што зьнішчалі суполкі Свабоднага прафсаюзу, таксама незайздросны: былі звольненыя Шадзько – быў дырэктарам ЖКГ, Масалаў і Пракапенка – былі па чарзе дырэктарамі вінзаводу. Дарэчы, Пракапенка потым уладкаваўся на «Шкловалакно», а вінзавод цяпер прызнаны банкрутам, там распачата больш за 10 крымінальных справаў.
Баяцца Свабоднага прафсаюзу там, дзе начальства крадзе.
Новае кіраўніцтва «Шкловалакна» ў асобе ідэоляга Кузьміна і новага дырэктара з новымі сіламі ўзяліся за тыя ж граблі. Паводле сяброў СПБ, Кузьміну паставілі ўмову яго зацьвярджэньня на пасадзе – зьнішчэньне суполкі Свабоднага прафсаюзу. Выканаць гэта не атрымалася. Наадварот, ён і старшыня суполкі Белхімпрафсаюзу спадарыня Гурава вымушаныя былі прысутнічаць на сэмінары МАП як прадстаўнікі прадпрыемства – парушальніка правоў прафсаюзу. Там яны абавязаліся спыніць перасьлед сяброў СПБ, уключыць прадстаўніка СПБ у склад камісіі па калектыўнай дамове. Але, як кажуць у народзе, ашуканства – гэта іх прафэсія. Замест выкананьня абяцаньня яны працягнулі працу па запалохваньні работнікаў. Новы дырэктар пачаў сваю дзейнасьць са зьніжэньня выплатаў да сьвятаў, зьніжэньня заробкаў пад выглядам іх павелічэньня, абмежаваньня і пагарды да правоў работнікаў. Выглядае авантурай яго ініцыятыва з пускам 2-й печы цэху № 7. Работнікі сумняваюцца, ці будзе рэальнай магчымасьць перапрацоўкі і рэалізацыі дадатковай прадукцыі.
Цяпер наступны крок: новая адміністрацыя прадпрыемства вырашыла для канчатковай перамогі над работнікамі і суполкай СПБ звольніць Міколу Шараха, памочніка майстра цэху № 7, якому да агульнапэнсійнага ўзросту засталося менш за тры гады. Яго, праўда, спрабавалі звольніць яшчэ тры гады таму, але тады не атрымалася. Гэтым разам падрыхтаваліся лепей. Начальнік цэху Сапега падсабраў зафіксаваных спагнаньняў. Белхімпрафсаюз унёс патрэбныя зьмены з 1 сакавіка ў калектыўную дамову. І 15 сакавіка Шараха папярэдзілі пра адмову ў працягненьні кантракту. 29 красавіка – яго апошні працоўны дзень.
Даведка:
Шарах Мікалай Аркадзевіч, 1958 году нараджэньня
Працуе на «Шкловалакне» 31-ы год
Цэх №7, зьмена №2, памочнік майстра
Жанаты, мае 3 дзяцей, малодшы вучыцца ў каледжы
Закончыў: НПІ – інжынэр-мэханік, машыны і апараты хімічнай вытворчасьці. ЭГУ– юрыст, міжнароднае права
Намесьнік старшыні СПБ, старшыня Полацкай рэгіянальнай арганізацыі СПБ
Удзельнік Савету па ўдасканаленьні заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры пры Міністэрстве працы РБ
Аляксандар Марозаў