Толькі 10 з 98-мі прапанаваных вакансіяў дасягнулі ўзроўню сярэдняй заработнай платы па Віцебскай вобласьці, якая ў кастрычніку, згодна зь Мінстатам, склала 3 млн. 770 тыс. рублёў. Сярод іх - вакансіі аўтакранаўшчыка і электразваршчыка (4,5 млн. руб), бэтоншчыка і тынкоўшчыка (4 млн.), заўмага і лесаруба (3 млн. 800 тыс.). Гэтыя самыя вакансіі па сваёй зарплаце перавалілі за адзнаку 500 даляраў. Далей - «кошт» вакансіяў няўмольна падае.
Самымі «таннымі» з прапанаваных былі вакансіі столяра, працоўнага па комплексным абслугоўваньні будынкаў, памочніка выхавальніка (дзіцячы садок), мэдрэгістратара і інжынэра па вэнтыляцыі. Па гэтых вакансіях працадаўцы прапаноўвалі заробак амаль на ўзроўню «мінімалкі» - усяго 1 млн. 200 тыс. рублёў.
Роўна палова вакансіяў арыентаваная на людзей без спэцыяльнай адукацыі (агульнай базавай). Кадрам з дыплёмамі ВНУ ў кішэнях прапаноўвалася на выбар усяго 18 вольных працоўных месцаў. Сярод іх - вакансіі бухгальтара (4 млн. руб.), намесьніка начальніка юрыдычнага ўпраўленьня (3,9 млн.), заўмага (3,8 млн.), галоўнага падатковага інспэктара (3,2 млн.), эканаміста (2,3 млн.), выхавальніка ў дзіцячы садок (1,9 млн.), дзяжурнага тэрапэўта (1,7 млн.), правізара (1,5 млн.) і інжынэра па вэнтыляцыі (1,25 млн.).
Ва ўпраўленьні па працы, занятасьці і сацабароне Віцебскага гарвыканкаму паведамілі, што вялікая колькасьць вакансіяў па рабочых спэцыяльнасьцях (80-85%) у базе - натуральная зьява, бо попыт на рабочую сілу ў горадзе ўзрастае. Тым ня менш, нягледзячы на наяўнасьць вольных месцаў, попыт гэты зусім не задавальняецца. У Віцебску, напрыклад, адзначаецца дэфіцыт будаўнікоў і іншых рабочых.
Начальнік упраўленьня Алена Торган мяркуе, што знайсьці працу ў Віцебску ня так і цяжка. «Хто хоча знайсьці, працаўладкоўваецца цягам месяца-паўтара, калі зьвяртаецца да нас», - запэўніла наша суразмоўніца. На пытаньне пра «таннасьць» вакансіяў і з нагоды няўвязкі з узроўнем сярэднестатыстычнай зарплаты па вобласьці начальнік гарадзкога цэнтру занятасьці адказала: «Гэта вам трэба зьвяртацца ў ворганы статыстыкі».
Паводле слоў Алены Торган, колькасьць зарэгістраваных на «біржы працы» ў параўнаньні зь мінулым годам зьменшылася. На яе думку, прычына гэтага - дэмаграфічная яма. Ці так гэта, праверыць цяжка. Аднак, паводле дадзеных ворганаў статыстыкі, колькасьць занятага ў эканоміцы насельніцтва гораду скарацілася за 8 месяцаў 2012 году на 4,5 тыс. чалавек (усяго на жнівень 2012-га - 172,8 тыс. чалавек).
Пры гэтым, паводле інфармацыі ўпраўленьня па працы, занятасьці і сацабароне Віцебскага гарвыканкаму, на 1 лістапада ўзровень беспрацоўя ў Віцебску складаў 0,6 працэнта ад колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва. Узровень беспрацоўя ўпаў на 0,2% у параўнаньні зь лістападам мінулага году, сьцьвярджаюць у службе занятасьці. На 1 лістапада ў цэнтры было зарэгістравана 1 тыс. 15 беспрацоўных, большая частка зь якіх - жанчыны (523). З тых, хто стаіць на ўліку, 148 чалавек маюць вышэйшую адукацыю. Большая частка беспрацоўных - маладыя людзі ад 16 да 29 гадоў - 393 чалавекі (37,1%).