Аўторак, 15 Лістапад 2016

Эўразійскі саюз у дзеяньні: у Паставах 250 чалавек могуць страціць працу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

«Наша прадпрыемства прыбытковае, зарплаты па чатыры мільёны ў рабочых, але 250 чалавек могуць застацца на вуліцы», – распавядае рабочая пастаўскага прадпрыемства «Беліт», якое ўваходзіць у Свабодную эканамічную зону «Віцебск».

«У нас 70% супрацоўнікаў – жанчыны, у многіх зь іх больш за дваіх дзяцей. У Паставах працы мала, калі мы закрыемся, невядома, куды нам ісьці», – дадае рабочая.

На прадпрыемстве займаюцца вытворчасьцю рызьзя. Сыравіну завозяць зь Нямеччыны без аплаты мыта, перапрацоўваюць на рызьзё і прадаюць у Беларусі і Расеі.

Але пасьля Новага году такі бізнэс можа закрыцца, бо мяняюцца правілы свабодных эканамічных зон: уводзяць мыта на ўвоз тавару з-за мяжы. Такія правілы знаходжаньня ў Эўразійскім эканамічным саюзе.

«Наша прадпрыемства трапіць пад мыта на 164%, а цяпер гэта 0%. Сказаць, што мы зможам працаваць у такіх умовах – гэта фантастыка. Трэба шукаць нейкае вырашэньне», – апісваюць праблему ў адміністрацыі «Беліт».

Цяпер у прадпрыемства заказы на два месяцы наперад, склады пустыя, запазычанасьцяў няма.

Віцебская арганізацыя «ВІК» робіць лекі для жывёл, займае прызавыя месцы на міжнародных і беларускіх конкурсах. Тут таксама могуць пацярпець ад зьменаў у свабодных эканамічных зонах.

«Інвэстыцыі, якія маглі б пайсьці да нас, пойдуць у іншае месца. Ва ўрадзе думаюць, як нам кампэнсаваць страты, але ці кампэнсуюць», – разважаюць на прадпрыемстве. І непакояцца, што інвэстары і заказчыкі пойдуць да канкурэнтаў, у Расею.

Расея таксама ўдзельнік Эўразійскага эканамічнага саюзу, і там таксама ёсьць асаблівыя эканамічныя зоны, а некаторыя рэзыдэнты гэтых зон плацяць мыта. Але дзяржава субсыдыюе рэзыдэнтаў гэтых зон! То бок грошы на мыта кампэнсуюцца або фінансавай дапамогай, або іншымі льготамі.

У Беларусі ж рыхтуецца новы закон, які закране свабодныя эканамічныя зоны. Але простай кампэнсацыі страт ад выплаты мытных пошлін ня будзе. Улады абяцаюць толькі прапісаць нейкія мэханізмы. Што гэта будуць за мэханізмы, калі іх прымуць і якую выгаду атрымаюць прадпрыемствы-рэзыдэнты свабодных эканамічных зон, за два месяцы да скасаваньня льгот невядома.

«Да 1 студзеня закон прымуць абавязкова, свабодныя зоны будуць існаваць да 2050 году», – малююць будучыню ў адміністрацыі Свабоднай эканамічнай зоны «Берасьце».

У Беларусі існуе шэсьць свабодных эканамічных зон, там працуюць 419 арганізацыяў і 124 тысячы чалавек. Акрамя льгот на мытныя пошліны, якія неўзабаве адменяць, рэзыдэнты гэтых зон вызваляюцца ад зямельнага падатку, маюць зьніжкі па падатках на прыбытак.

Арцём Мартыновіч, euroradio.fm