Паводле стану на пачатак кастрычніка на ўліку па беспрацоўі знаходзіліся ўжо 85 грамадзян, зь якіх 46-ці выплачваецца адпаведная дапамога. Трэба адзначыць, што згодна з арт. 24 Закону «Аб занятасьці насельніцтва» ў дапамозе могуць адмовіць у пэўных выпадках. Напрыклад, калі працоўная дамова, заключаная на нявызначаны час, спыняе сваё дзеяньне па ўласным жаданьні, пры пагадненьні бакоў або па падставах пп. 4, 5, 7-9 арт. 42, п. 5 арт. 44 і арт. 47 ПК РБ. Таксама ў выплаце могуць адмовіць, калі чалавека звольнілі (адлічылі) за тое, што ён парушыў вайсковую (вучэбную) дысцыпліну; калі ён страціў крыніцу прыбытку празь нелегальныя дзеяньні; калі ім не была прадстаўленая дэкларацыя пра даходы.
У цэлым за верасень сума выплат па беспрацоўі склала 1138 рублёў. Памер індывідуальнай дапамогі вар'іруецца ад 1 да 2 базавых, г.зн. ад 21 да 42 рублёў. Сумы невялікія, але і для таго каб іх атрымаць, беспрацоўныя павінны выканаць норму на грамадзкіх працах. У адпаведнасьці з рашэньнем райвыканкаму норма на сёньня – ня менш за 3 дні за месяц.
Што тычыцца вакансіяў у Гарадоцкім раёне, то, паводле дадзеных сайту райвыканкаму, на 3 лістапада было зарэгістраванае 81 вольнае месца. Знайсьці працу ў раённым цэнтры могуць 38 чалавек, для астатніх прапануюць працу ў сельскай мясцовасьці. Абнаўленьне базы вакансіяў ідзе штодня.
Калі казаць пра прычыны, па якіх беспрацоўныя ніяк ня могуць уладкавацца, то сярод найбольш частых згадваюцца наступныя: праца занадта далёка ад месца жыхарства і неадпаведны ўзровень прафадукацыі. Паводле інфармацыі райвыканкаму, толькі 9% зарэгістраваных у рэгіёне беспрацоўных маюць вышэйшую адукацыю, 21% – сярэднюю спэцыяльную, 35% – прафтэхнічную, а яшчэ 35% толькі сярэднюю альбо агульную базавую адукацыю.
Лізавета Золатнава