0,9%. Як такое магчыма?..
“На 1 верасьня ўзровень беспрацоўя ў Віцебску складае 0,9% ад эканамічна актыўнага насельніцтва”, - паведаміла ў размове з карэспандэнтам “ВВ” падчас кірмашу вакансіяў у Чыгуначным раёне намесьніца начальніка ўпраўленьня па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкаму Марына Будкевіч.
“Улічваеце толькі афіцыйна зарэгістраваных?” - удакладняем.
“Так, гэта колькасьць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Мы гаворым толькі пра тых, хто зьвярнуўся да нас па дапамогу”, - адказвае. На пытаньне, чаму б не публікаваць фактычную колькасьць беспрацоўных у горадзе, кажа, што такой статыстыкі ня маюць.
Нагадаем, што ў 2016 годзе фактычны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі сягаў 5,8%.
Чыгунка шукае балетмайстра
На кірмашы, які праходзіў 14 верасьня ў Палацы творчасьці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёну Віцебску, вольныя працоўныя месцы прапаноўвалі каля 30 працадаўцаў – ад “Беларускай чыгункі”, “Белпошты” і будаўнічага трэсту №9 да “Вістану” і “Даламіту”. Было выстаўлена больш за 120 вакансіяў.
Гэтак, трэст №9 шукаў на будоўлю паліклінікі “на Югах” муляраў, цесьляроў, страхароў (“кровельщиков”) і бэтоншчыкаў, але выключна кваліфікаваных (4-5 разрад). Сьцьвярджаюць, нібыта будаўніцтва паліклінікі зараз ажывілася.
Чыгунка прапанавала вакансіі машыністаў і… балетмайстра. Запэўнілі, што “будзеце ганарыцца заробкам”, але, колькі зараз прыблізна зарабляе машыніст, адказаць адмовіліся.
Індустрыяльна-пэдагагічны каледж шукаў дворніка і выхавацеля ў інтэрнат. Прычым у якасьці выхавацеля ўзяць нас адмовіліся, бо інтэрнат жаночы (“Папсуяце нам дзяўчын”, - жартавалі).
Як падалося, галоўны плюс такіх мерапрыемстваў для тых, хто шукае працу, – магчымасьць паразмаўляць з працадаўцамі ўжывую (а не па тэлефоне) і, як той казаў, “паказаць тавар лепшым бокам”. Давесьці, што, хоць табе ўжо і за 50, але ты ў добрай фізычнай форме і ў цьвярозым розуме. Альбо – без усялякага запісу і чаргі атрымаць кансультацыю ў супрацоўнікаў (і нават кіраўнікоў) віцебскай “біржы працы”.
На жаль, большасьць наведнікаў гэтай перавагай, паводле нашых назіраньняў, не карысталіся. Таўкліся каля стэнду з раздрукаванымі вакансіямі, узятымі з сайту Мінпрацы. Да сталоў з “жывымі” прапановамі падыходзілі адзінкі. Асноўная катэгорыя наведнікаў – мужчыны пасьля 40 і перадпэнсійнага ўзросту.
Беспрацоўны: “Наконт 0,9% - поўная хлусьня!”
“Хлусьня, поўная хлусьня наконт 0,9%. Насамрэч вельмі шмат беспрацоўных. Паўтары гады стаю ўжо на біржы, вялізныя чэргі штодзень. Іншым разам толькі а 16-й гадзіне ў габінэт трапляеш. Іх саміх, кажуць, скарацілі на 30%. Там, дзе раней было тры спэцыялісты на раён, там зараз два. Чэргі павялічыліся. Што дае біржа? Анічога. Акрамя таго, што ты афіцыйна не дармаед, ну й нейкая дапамога даецца – 46 рублёў, зь якіх потым яшчэ падаткі вылічваюць”, - распавядае 58-гадовы беспрацоўны, які папрасіў не называць яго імя.
Мужчына мае вышэйшую адукацыю (пэдагог), але гатовы працаваць і грузчыкам, і дворнікам. Кажа, што на кірмашы знайшоў толькі адну вакансію дворніка, але была ўжо занятая.
“Я лічу, тут праўды – 50%, наконт наяўнасьці вакантных месцаў. Гэтыя месцы даўно ўжо занятыя. Гэта іх адпіскі, каб не патрапіць пад указ прэзыдэнта. Куды ні пазвоніш – альбо ўжо ўзялі, альбо пачынаюць нешта круціць, маўляў, не падыходзіце па ўзросьце ці якіх іншых прычынах. Ім 30-35-гадовыя патрэбныя. Паўсюль суцэльныя абмежаваньні…” – гаворыць мужчына.
Распавядае, што зарэгістраваных на біржы зараз ужо “не ганяюць” на грамадзкія працы. Замест гэтага абавязалі здаваць макулятуру ці “шклобой”. Адзін дзень грамадзкіх працаў адпавядае 5 кіляграмам макулятуры.
“Як выжываю?.. Іншы раз нейкая халтура падвернецца, а ў асноўным за кошт сям’і і жыву. Цяжка гэта... Дзеці працуюць, жонка працуе, а я…” – прызнаецца.
Наведнік кірмашу: “Паехаць гастарбайтэрам? Наезьдзіўся я ўжо…”
“Пра што вы пытаецеся? Мы ўсё жыцьцё жывем з пачуцьцём падманутасьці. Я нават увагі не зьвяртаю ўжо на гэтыя афіцыйныя лічбы”, - кажа чарговы суразмоўца, мужчына 46 гадоў.
Распавядае, што некаторы час быў зарэгістраваны на віцебскай біржы. Потым ад яго, як ён лічыць, папросту пазбавіліся.
“Сюжэт такі. Я аж 25 гадоў адпрацаваў па адной спэцыяльнасьці, але страціў працу. Пасьля давялося літаральна некалькі месяцаў папрацаваць паводле дамовы падраду. Прыходжу ў цэнтар занятасьці, паставілі на ўлік, празь месяцы два прапануюць працу – нейкім вучнем грузчыка. Адмаўляюся, бо для мяне прапанова непрыдатная. А яшчэ праз тры месяцы мне кажуць: а вось у нас такі закон выйшаў, калі вы паводле дамовы падраду працавалі, то цяпер для вас любая праца лічыцца прыдатнай. Калі адмовіцеся – здымаем вас з уліку. То бок лічуся ўжо некваліфікаваным працаўніком. Як студэнт…” – паясьняе беспрацоўны.
“Так во яны ад мяне адчапіліся”, - дадае.
Па спэцыяльнасьці машыніст кампрэсарных установак, ён знайшоў на кірмашы больш-менш прыдатную вакансію, але, паводле некаторых патрабаваньняў, ягоная кандыдатура працадаўцу не задаволіла.
“Ну як зараз робіцца? Адной спэцыяльнасьці мала, трэба ў дадатак, каб яшчэ ў цябе было пасьведчаньне кіроўцы, трактарыста ці, напрыклад, сьлесара. І пры гэтым – заробак у межах 350 рублёў”, - патлумачыў.
“Паехаць гастарбайтэрам? Наезьдзіўся я ўжо, як той казаў. Калі б не гаспадарка, ня ведаю, як выжывалі б. А так, бачыце, жывыя яшчэ…” – жартуе на разьвітаньне.
Зьміцер Міраш
Фота аўтара