Віцебскі кіроўца Аляксандар (папрасіў аб ананімнасьці) працуе ў таксі 6 гадоў. Але кажа, што так цяжка і танна, як цяпер, ніколі не таксавалася. Паводле ягоных падлікаў, сярэднестатыстычны таксіст зарабляе за 12 гадзін працы ў Віцебску ня больш за 25-30 рублёў (на арэндаваным аўто).
Чаму такое таннае таксі ў Віцебску
“Ня ведаю, можа, у Менску таксісты цьвітуць і пахнуць, але ў Віцебску мы паціху загібаемся. Глядзіце: да прыходу ў 2016 годзе ProTaxi (сэрвіс 72-20) таксісты маглі зарабіць за дзень каля 100 рублёў (1 млн. на старыя грошы). ProTaxi зьбіла кошты напалову. Потым зьявілася таксі “Максім” – яшчэ мінус 30%. Мала таго – запрацавала “Яндекс.Такси”. І гэта поўны гамон, бо зарабляем зараз каля 25-30 рублёў за дзень”, – накіпела ў Аляксандра.
"Яндэкс.Таксі" ў Віцебску
“Калі, ня дай бог, яшчэ які Uber тут зьявіцца – дык наогул па цане маршрутак будзем людзей вазіць”, – дадае.
Шмат аварый? Бо таксісты нявыспаныя
Расказвае, што ў розных службах таксоўцы зарабляюць прыблізна аднолькава. А каб мець больш – працуюць па двум пуцявым лістам.
“Па аднаму пуцявому можаш працаваць ня болей 6 дзён на тыдзень па 12 гадзін. Але людзі бяруць два пуцявых. Яны прыходзяць з адным, ім доктар адзначае час. Калі ад’езьдзяць 12 гадзін, гэты пуцявы хаваюць і бяруць другі, зноў адзначаюцца і працуюць яшчэ 12 гадзін. Менавіта таму ў нас таксісты так часта трапляюць у аварыі, машыны б’юць і людзей падвяргаюць сьмяротнай небясьпецы. Бо сонныя ўсе…” – запэўнівае таксіст.
Ён сьцьвярджае, што наймальнікі ведаюць пра хітрыкі з пуцявымі, але маўчаць, бо ім выгадна – на адной машыне працуе менш людзей.
“Усе пра гэта ведаюць. Але нашы “баяры”, то бок гаспадары аўто, маюць грошы з кожнай машыны, і ім зусім “паралельна”, колькі там зарабляюць іхныя кіроўцы.
Людзі на іх працуюць – і добра. Але ж працуюць толькі таму, што ў Віцебску няма іншай працы і выхаду няма ніякага.
І мы тут усе чакаем, што раптам аднойчы здарыцца фантастычны заказ – і мы заробім кучу грошай. А яго няма, гэтага заказу. І пакуль што не прадбачыцца…” – скрушна ўсьміхаецца наш суразмоўца.
“Баяры” гэтыя проста абнаглелі”
Распавядае, што нядаўна ўладальнік машыны, на якой ён працуе, узьняў арэндную плату з 38-мі да 46 рублёў за суткі. Рабіў гэта цягам месяца – штотыдзень уздымаў на 2-3 рублі.
“Разумееце, сёньня ў Віцебску залішак кіроўцаў, якія б хацелі працаваць, і “баяры” гэтым карыстаюцца. Вось мой узяў ды ўзьняў проста так арэнду на 8 рублёў, каб звольніць непатрэбных. Прыйдзе больш кіроўцаў – падвысіць яшчэ больш. Бо заўсёды знойдуцца людзі, якія будуць працаваць за кавалак хлеба з сольлю. Будуць плаціць 60 рублёў арэнды – і жыць у той машыне…” – мяркуе Аляксандар.
“Я вось шукаў нядаўна працу на іншую машыну, хацеў працаваць суткі праз двое. А наймальнік мне: “Я шукаю кіроўцу, які будзе працаваць суткі праз суткі. Я кажу: “Гэта ж вельмі цяжка. І небясьпечна. Нельга так! Я ж с пасажырамі еду, часта – зь дзецьмі. А раптам што здарыцца?..” Усім пофігу! “Баяры” гэтыя проста абнаглелі, таму што бачаць, як шмат людзей шукаюць працу і гатовыя працаваць за капейкі”, – упэўнены віцебскі кіроўца таксі.
Сьцьвярджае таксама, што вельмі часта наймальнікі ня плацяць за кіроўцаў унёскі ў фонд сацыяльнай абароны, праз што ў таксоўцаў узьнікаюць вялікія праблемы.
Вярнуцца да дзяржаўнага таксі?..
На пытаньне, што трэба зрабіць, каб таксоўцам працавалася лягчэй і больш прыбыткова, Аляксандар прапануе Віцебскаму гарвыканкаму набыць 500 машын і выціснуць з рынку ўсіх прыватнікаў (нагадаем, дзяржаўнага таксі ў нас зараз няма).
“Можна ж лёгка закрыць усе гэтыя прыватныя фірмы таксі і адчыніць, як раней было, за Саветамі, адзіную службу таксі 161. Дзяржаўную. Плаціць людзям добрыя заробкі. І была б унас адна-адзіная арганізацыя, і быў бы поўны кантроль, была б праца без перапрацовак і бяз двух пуцявых і г.д. А то некаторыя жывуць ужо ў машынах”, – выказвае думку кіроўца таксі.
“Бо зараз мы – натуральныя рабы. І скардзіцца няма каму, прафсаюзаў няма. Калі што гаспадару не спадабалася – кажа “да пабачэньня”, і ўсё. Свайго Васю ён замест мяне хутка знойдзе… Прыватнікі ў нас – чыстыя буржуі. Беларус зьдзекуецца над беларусам. У нас так, як у Польшчы, ніколі ня будзе: мэнталітэт ня той…” – падсумоўвае.
Таксісты-“піраты” і нават – бяспраўнікі
Аляксандар гаворыць, што ў таксі ўсюды махлярства. Здараецца нават такое, што ў горадзе таксуюць людзі без пасьведчаньняў кіроўцы.
“Ня верыце?.. А я ведаю такіх людзей, і ведаю, што за фірма іх працаўладкавала. Так, людзі працуюць без правоў. Кшталту: “Езьдзіць умееш?” – “Ну, умею” – “Добра, ідзі працуй”. А ён мала таго што неабходнага стажу ня мае, дык у яго і правоў няма. Прынамсі ведаю дакладна, што працуюць таксоўцамі людзі, якіх пазбавілі правоў па п’янцы. У іх засталася ксэракопія пасьведчаньня, яны яе аддалі і спакойна таксуюць”, – расказвае.
Паводле Аляксандра, дастаткова і тых, хто езьдзіць па Віцебску “пад чорным сьцягам”. Гэтыя “піраты” належным чынам абклееныя і маюць на даху “фуфло” (пляфон з шашачкамі), але таксомэтраў у іх няма, падаткаў яны не плацяць. Што праўда, і гаспадар за арэнду бярэ зь іх больш, але “піраты” лёгка кампэнсуюць тыя выдаткі тлустымі заказамі ад знаёмых дыспэтчараў.
А каму плацяць таксісты, якія “спакон вякоў” стаяць на чыгуначным вакзале, аднаму Богу вядома, гаворыць Аляксандар. Распавядае, што неаднойчы меў зь імі справу, калі адбіваў у іх кліентаў. Сьцьвярджае, што “вакзальныя” загібаюць цану ўдвая-ўтрая вышэйшую за кошты ў астатніх таксі. Кантрольныя ж органы заплюшчваюць на гэта вочы.
“Як зарабіць больш? Паставіць таксомэтар на іншы тарыф і падманваць кліента. Некаторыя так і робяць – кожнага пасажыра на працэнтаў 20 дураць. Я так не магу…” – прызнаецца Аляксандар.
Зьміцер Міраш