У ліпені 2018 году міністэрства зладзіла паседжаньне мэдыка-экспэртнай камісіі (МЭК), на якім скасавала ранейшае заключэньне пра выяўленае ў работніцы прафэсійнае захворваньне. Гэтага патрабавалі ад міністэрства судзьдзя суду гораду Полацку і Полацкага раёну Ірына Даротка і наймальнік, ААТ «Полацак-Шкловалакно» ў асобе гендырэктара Андрэя Бунакова.
З 10 красавіка 2018 году ў Полацкім судзе судзьдзя Ірына Даротка разглядае пазоў да ААТ «Полацак-Шкловалакно» аб выплаце кампэнсацыі былой ткальлі Алене Палаўчэні з нагоды атрыманага прафэсійнага захворваньня.
У Алены было выяўленае ракавае захворваньне ў 2011 годзе пасьля больш як 15 гадоў працы ткальляй. У 2014-м яна самастойна зьвярнулася ў МЭК для ўстанаўленьня сувязі яе захворваньня з прафэсійнай дзейнасьцю. На працоўным месцы ткачоў прысутнічае фармальдэгід (адзін з кампанэнтаў вышмальцоўвальніку), які прызнаны канцэрагенам, небясьпечным для чалавека. Тады, у 2014 годзе, МЭК дала заключэньне аб прафэсійным характары захворваньня. Наймальнік ужо двойчы спрабаваў адмяніць гэтае заключэньне. З падтрымкай Міністэрства аховы здароўя былі праведзеныя незаконныя паседжаньні МЭК – у 2017 годзе і сёлета. І абодва разы працадаўца прайграў у судзе, дзе працаўніца абскардзіла скасаваньне факту прафзахворваньня.
Інтарэсы былой працаўніцы ў судзе прадстаўляе сябра Полацкага праваабарончага таварыства, старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах:
– Суд у Менску пацьвердзіў, што наймальнік з дапамогай усіх даступных рэсурсаў будзе адпінацца ад сваіх колішніх работнікаў, каб не плаціць кампэнсацыю за страчанае імі здароўе, але не заўсёды пераможа. Гэта значыць, за свае правы трэба змагацца.
Пасьля заканчэньня тэрмінаў на абскарджаньне рашэньне суду Заводзкага раёну Менску набудзе моц, і разгляд пазову па выплаце кампэнсацыі будзе працягнуты ў Полацкім судзе.
Аляксандар Марозаў