Уладкоўвацца на прадпрыемства 34-гадовая віцяблянка прыйшла 17 сьнежня.
– Мне ў гэты ж дзень сказалі ісьці пераапранацца і выходзіць на працу, – распавяла Вольга. – Першапачаткова прапанавалі пасаду вучня сартавальнік матэрыялаў і вырабаў з драўніны. Зарплата невялікая – 1,7 мільёну на рукі. Але потым плаціць абяцалі больш. Увогуле, мая задача была сартаваць палачкі. Ну, ведаеце, добрыя, дрэнныя, з карой, без кары. Потым паглядзелі, што я кемлівая, спрытная, не марудлівая, і сказалі ўстаць за станок па зрошчваньні драўніны.
Працаваць на небясьпечным і складаным і станку Вольгу практычна ніхто не навучаў. Не было і неабходнага ў такіх выпадках інструктажу па тэхніцы бясьпекі. У якасьці настаўніка ў першы дзень выступіла будучая напарніца Вольгі, якая сама прапрацавала на прадпрыемстве толькі паўгода.
– Пару гадзін пастаяла каля яе, паглядзела, якія кнопкі націскаць і што рабіць. І ўсё – пілі драўніну. А там – 14 або 16 зубоў, 4 пілы і хуткасьць кручэньня – 4000 абаротаў... Ні пра якія інструктажы па тэхніцы бясьпекі і гаворкі не было, – запэўнівае Вольга.
«Навучаньне» працы на станку прайшло ў першы ж дзень знаходжаньня Вольгі на «ДэліОст». А ўжо на другі дзень працы на прадпрыемстве яна жвава расьпілоўвала і склейвала сасну. Пры гэтым, як кажа пацярпелая, яна нават не была афіцыйна аформленая.
– Гэта цяпер я разумею, што павінна было быць навучаньне, інструктажы па тэхніцы бясьпекі і гэтак далей, – распавядае віцяблянка. – Мяне з запісам «вучань фасоўшчыка» ў працоўнай кніжцы не павінны былі нават падпускаць туды. Ды яшчэ без «корачак» станочніка ці нейкіх курсаў. Але тады мне вельмі патрэбная была праца, вось і пайшла. Так неафіцыйна прапрацавала да 11 студзеня, пакуль мяне не аформілі.
Наконт умоваў працы і бясьпекі на «ДэліОст» асабліва ніхто не абураўся – усе баяліся страціць працу. Хоць і невялікі, але стабільны заробак.
Няшчасны выпадак адбыўся 12 сакавіка, калі Вольга стаяла за станком па зрошчваньні драўніны. Паводле яе слоў, за некалькі тыдняў да здарэньня на станку заточвалі зубцы і зьнялі абарончую перагародку, якая закрывае фрэзу. Абарону на месца так і не паставілі. У нейкі момант руку Вольгі літаральна зацягнула ў паветраную варонку...
– Майстар міма ішоў – вылаяўся матам і пайшоў выклікаць «хуткую». І нават не ўдакладніў, што руку адарвала, таму «хуткая» ехала цэлых 25 хвілін... – распавядае Вольга.
– Усё здарылася імгненна. Я ад шоку нават болю не адчувала і прытомнасьць ня страціла, хоць нават хлопцы, убачыўшы ўсё гэта, абамлелі, і дзяўчынка адна. Кісьць маю літаральна расьцерушыла па ўсім цэху. Мэдыкі потым спрабавалі нешта знайсьці – адзін фарш... – успамінае Вольга той трагічны дзень.
Наступнага дня шпіталь наведалі майстар, юрыст прадпрыемства і начальнік вытворчасьці.
– Ведаеце, што яны мне сказалі? Не паверыце! Яны спыталі, навошта я, сартавальніца, самавольна палезла на станок!.. Я ім кажу: вы ж мяне на другі дзень туды самі паставілі! І я там працавала тры месяцы ў вас на вачох...
Кіраўніцтва прадпрыемства наадрэз адмаўляецца даваць камэнтары наконт здарэньня. Як адказала сакратарка на пытаньні журналістаў, у цяперашні час праводзяцца праверкі Дэпартамэнтам дзяржаўнай інспэкцыі працы, і калі зьявіцца заключэньне камісіі, працаўніца пра гэта даведаецца першай.
Паводле словаў Вольгі, цяпер з прадпрыемства звальняецца таксама яе напарніца – з-за страху атрымаць калецтва. А да злашчаснага станка, на якім яны працавалі, ад 12 сакавіка ніхто нават не падыходзіць. Затое цяпер, паводле расказу напарніцы, на ім ёсьць і абарончая перагародка, і папераджальныя надпісы на расейскай мове (калі Вольга працавала, яна бачыла на станку толькі карэйскія іерогліфы).
Вольга асьцерагаецца, што журналы па тэхніцы бясьпекі на фірме аформяць заднім днём. А рабочыя расьпішуцца – бо ўсе баяцца страціць працу. У гэтым выпадку даказаць што-небудзь будзе больш складана...
У сваёй заяве на імя дырэктара прадпрыемства «ДэліОст» Вольга Таўпянец зважае на парушэньні адразу некалькіх артыкулаў Працоўнага кодэксу.
Яна патрабуе правесьці расьсьледаваньне няшчаснага выпадку, выплаціць кампэнсацыю фізычнай і маральнай страты, а таксама аплаціць рэабілітацыйнае лячэньне ў Нямеччыне і ўстаноўку пратэза. Дарэчы, кошт мэханіка-электроннага пратэза дасягае 50 000 эўра – прыкладна столькі ж каштаваў станок, які спрычыніўся да траўмы.
Паводле onliner.by і news.vitebsk.cc