Ушацкая ЦРБ мае дэфіцыт урачоў са спецыялізацыяй па стаматалогіі і стаматалогіі-артапедыі, хірургіі, псіхіятрыі і наркалогіі, кардыялогіі і анкалогіі, дэрматавенералогіі, гінекалогіі, анестэзіялогіі і рэаніматалогіі, а таксама медсясцёр, фельчараў, зубнога фельчара. Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі прыме на працу ўрача-гігіеніста і яго памочніка.
Раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці патрабуюцца мастак-афарміцель, загадчык клуба, кіраўнікі гурткоў і студый, бібліятэкар, манціроўшчык сцэны, акампаніятар, кіраўнікі і рэжысёры творчых калектываў, асвятляльнік, прыбіральшчык памяшканняў. Раенны сацыяльна-педагагічны цэнтр шукае намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці і педагога-псіхолага. Цэнтру дзяцей і моладзі патрэбныя педагогі-арганізатары. Школа мастацтваў шукае хармайстра і акампаніятара. Фізкультурна-спартовы клуб мае вакансіі інструктараў-метадыстаў па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце, трэнера па спорце.
У цэнтральнай аптэцы №65 няма ні намесніка загадчыка, ні правізара-рэцэптара. Аддзяленні пошты шукаюць аператараў сувязі. УП ЖКГ мае патрэбу ў падсобных рабочых, адмыслоўцаў па абслугоўванні цеплавых сетак, кіроўцах. Супрацоўнікаў бракуе нават у такой, здавалася б, прыбытковай установе, як санаторый «Лясныя азёры» – тут няма інжынера-энергетыка. Работнікаў шукаюць і вузка профільныя арганізацыі. Раенная ветэрынарная станцыя шукае ветурачоў, а праектнае бюро – архітэктара. Райаддзел па надзвычайных сітуацыях запрашае на працу выратавальнікаў-пажарных і кіроўцаў аўтатэхнікі.
Традыцыйна шмат вакансій у сельскагаспадарчай галіне, прычым не толькі на шэраговыя, рабочыя спецыяльнасці. Напрыклад, у ААТ «Дземенец» няма ні дырэктара, ні інжынера, у ААТ «Агра-Селішча» патрабуюцца галоўны бухгалтар, галоўны заатэхнік, галоўны ветурач, галоўны аграном, інспектар па кадрах. КУСГП «Вялікадолецкае» шукае галоўнага інжынера і галоўнага агранома.
Паводле звестак пра вакансіі, ахвотным прапануюць заробкі ад 554 да 3908 рублёў. Але тут есць падвох: нярэдка ўстановы гатовы ўзяць работніка ўсяго на 0,5 або нават 0,25 стаўкі. Зразумела, што з такімі ўмовамі шмат не заробіш, і працоўныя месцы доўга пустуюць, а людзі не атрымліваюць якасных паслуг. Там, дзе спецыяліста гатовы ўзяць на поўную стаўку, заробкі не высокія. Прыкладам, у сферы адукацыі або культуры гэта 550-700 рублёў.
Лявон Каляда