Што вызначае культурнае жыцьцё Беларусі, папыталіся ў Герашчанкі. «Выразнага стрыжня я ня бачу. Аднак пастаянна і дзе гэта толькі магчыма беларусаў пераконваюць, што яны ня рускія. Гэта, відаць, і ёсьць галоўны кірунак».
На думку Герашчанкі, пасыл «Беларусы – ня рускія» ёсьць антынацыянальным. «Многія цяперашнія дзеячы ад культуры займаюцца не разьвіцьцём беларускай культуры, а прасоўваньнем у дзяржаўную палітыку і ў масавую сьвядомасьць разбуральнага антынацыянальнага пасылу, што «беларусы - ня рускія». Усё гэта можа перарасьці ў русафобію на дзяржаўным узроўню і мець самыя цяжкія наступствы».
Прагучала крытыка ў адрас прадзяржаўнага Саюзу пісьменьнікаў, які замест выданьня альманахаў выдае паэтычныя кнігі сумніўнай якасьці, а таксама «Эўрабачаньня». Перамога Канчыты Вурст, на думку Герашчанкі – гэта «сымбаль разбурэньня сямейных каштоўнасьцяў». «На месца эўрапейцаў прыйдуць народы Афрыкі. Хочуць эўрапейцы зьнікнуць – гэта іх праблемы».
«Напэўна, у чыноўнікаў ад Міністэрства культуры вельмі моцнае жаданьне запісацца ў шляхту. Яны, здаецца, хочуць забыцца аб нялёгкім мінулым нашага народу, каб было лягчэй расказваць небыліцы пра тое, якія шчасьлівыя былі беларусы пад уладай шляхты», - гэта пазыцыя Герашчанкі адносна рэканструкцыі старажытных замкаў і палацаў.
«Зараз Расея пачала прачынацца. Цалкам відавочна, што цяперашнія межы Расеі не адпавядаюць арэалу пражываньня рускага народу і гэтую праблему давядзецца вырашаць - падабаецца гэта камусьці ці не», - намякае Герашчанка на новыя далучэньні земляў да Расеі. Праўда, не ўдакладняе, ці гэта будзе Беларусь, ці нейкая іншая тэрыторыя. Ёсьць толькі апэляваньне да сытуацыі ў Латвіі і Эстоніі, дзе «праводзіцца палітыка нацыянальнай сегрэгацыі».
«Вельмі непрыемна і сорамна за пазыцыю БРСМ, які адмовіўся ад георгіеўскай стужачкі - сымбалю Перамогі. Наколькі я ведаю, найбуйнейшае грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» таксама не заняла ўцямнай пазыцыі, а супрацоўнікі МУС зусім «не рэкамэндавалі» выкарыстоўваць стужку падчас сьвята 9 мая», - кажа Герашчанка. Таксама боль у яго выклікае зрываньне «рускага маршу» на 9 мая.
«Я мяркую, што на заканадаўчым узроўню трэба ўзаконіць права выкарыстоўваць сымболіку Расеі і Беларусі на ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы - расейскіх сьцягоў у гербаў у Беларусі, а беларускіх - у Расеі». «Беларусь - ня проста саюзьнік Расеі, а неад’емная частка Рускага сьвету, частка гістарычнай Русі», - абураецца Герашчанка нявызначанай пазыцыяй нашай краіны па Крыме.
«Калі ўкраінскія выбары, якія праводзяцца пад грукат гармат і аўтаматныя чэргі, будуць прызнаныя ў Беларусі цалкам адпаведнымі нормам міжнароднага права і дэмакратычнымі, гэта стане сур’ёзнай стратай аўтарытэту Рэспублікі Беларусь у вачох мільёнаў расейцаў, крымчан, жыхароў Наваросіі. Беларусь стане дзяржавай, якая дэ-факта падтрымае хунту ў Кіеве». Нагадаем, што надоечы Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Пятра Парашэнку зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне, фактычна прызнаўшы яго легітымнасьць.
Андрэй Герашчанка – былы віцебскі чыноўнік, які звольнены зь дзяржаўнай працы за публічнае адмаўленьне дзяржаўнасьці і незалежнасьці Беларусі, якую ён уважаў за гістарычную памылку. Падчас апошняга Пасланьня да народу і парлямэнту Лукашэнка, не называючы прозьвішча, адзначыў, што да такіх людзей трэба падыходзіць «як да дывэрсантаў».
Крыніца: «Наша Ніва»