Серада, 09 Лістапад 2016

Расейскі нацыст Аляксей Мільчакоў плянуе пераехаць на Віцебшчыну

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксей Мільчакоў Аляксей Мільчакоў

Камандзір атраду расейскіх нацыстаў Аляксей Мільчакоў, які ваяваў супраць Украіны на Данбасе, цяпер трэніруе баявыя навыкі беларускіх грамадзян і набывае маёмасьць на Віцебшчыне.

У кастрычніку гэтага году Аляксей Мільчакоў правёў на тэрыторыі Леніградзкай вобласьці чарговую трэніроўку з групай беларусаў, падчас якой удзельнікі карысталіся баявой зброяй. Сёлета ён набыў дом у Віцебскай вобласьці. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў сам Мільчакоў.

– Вы казалі ў інтэрвію СМІ, што «маеце віды на Беларусь». Чым яна вас прываблівае?

– Па-першае, Беларусь – наша саюзная дзяржава. Я маю пляны працягнуць набываньне маёмасьці ў Беларусі, бо зьбіраюся пераехаць туды на часовае месца жыхарства, у вёску. Па-другое, беларуская моладзь актыўна цікавіцца маімі трэніроўкамі, а гэта і добры камэрцыйны рэсурс, і магчымасьць праводзіць вайскова-патрыятычнае выхаваньне.

– Вы часта бываеце ў Беларусі?

– Так, бываў і да Данбасу, і пасьля. Беларусь – такая маленькая, акуратная краіна. Я са сваімі грашыма сярэдняга пецярбуржца ў Менску магу сабе ні ў чым не адмаўляць.

– Нядаўна вы і яшчэ адзін інструктар ДШВБ «Русіч» з баявым досьведам праводзілі трэніроўку з 12 беларусамі. Гэта праўда?

– Так, праводзілі такую трэніроўку. Група невялікая, бо я не магу адначасова трэніраваць 100-200 чалавек – гэта было б неэфэктыўна, і няма тэхнічнай базы для гэтага. Беларусы, якія прыяжджалі, пагадзіліся, што факт іх удзелу і фота будуць апублікаваныя ў сацыяльных сетках. Мы «замазалі» твары на фота, каб гарантаваць ім бясьпеку, абараніць ад непатрэбных пытаньняў. Там была ня толькі моладзь, але і людзі сярэдняга веку, у якіх насамрэч я бачу велізарную цікавасьць да справы. А ўвогуле мы адкрытыя для дзяцей з 12 гадоў, калі тыя пачынаюць нешта разумець.

– Які характар насілі трэніроўкі, што канкрэтна адпрацоўвалася?

– Тактычная падрыхтоўка, тапаграфія (вывучэньне мясцовасьці), сапёрная справа – людзі вучыліся выяўляць і разьмініраваць небясьпечныя прадметы, міны-пасткі. Таксама элемэнты выжываньня ў балотна-лясістай зоне і прыёмы нажавога бою. Звычайна трэніроўка доўжыцца зь 9-ці раніцы да 7-8 гадзін вечару.

– Дзе праходзяць трэніроўкі, і якім чынам група ўдзельнікаў дастаўляецца ў трэнавальны лягер?

– У асноўным – на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Наўгародзкая, Пскоўская і Ленінградзкая вобласьці. У Беларусі трэніроўкі я не праводжу, бо цяжка везьці туды тэхніку, перасячэньне мяжы са зброяй патрабуе належных дакумэнтаў, плюс цана падвысіцца. Удзельнікі прыяжджаюць у лягер за свае грошы, на машынах, часам на аўтобусах. Апошнім разам прыехалі на 2 дні, здымалі кватэру ў Піцеры.

– Колькі каштавала для беларусаў апошняя трэніроўка?

– 7 тысяч расейскіх рублёў з чалавека, з экіпіроўкай і расходнікамі.

– Вы выкарыстоўвалі баявую зброю падчас навучаньня беларусаў?

– Вядома. У нас ёсьць агнястрэльная зброя, у тым ліку з наразной руляй, і ліцэнзія на яе захоўваньне і нашэньне. Ужо больш за 6 гадоў я зарэгістраваны як паляўнічы ў рэестры Мінпрыроды РФ, таму маю права. Дык што беларусы на спэцыяльных стрэльбішчах у маёй прысутнасьці вучыліся страляць з баявой зброі. Мінімальная колькасьць патронаў – 120. Гэта так званая цывільная вэрсія баявых патронаў. Яны ня маюць сталёвага сардэчніка.

– Чаму імёны ўдзельнікаў трымаеце ў сакрэце?

– Утойваем іх імёны, бо пачнецца лямант, стос заяў у МУС, гістэрыка. Не хачу псаваць жыцьцё людзям, іх жа зацягаюць па міліцыі. Я незнаёмы асабіста з чалавекам зь Віцебску, які прывозіў дзяцей да Enot Corp., але ведаю дакладна, што яго абяцалі вытурыць зь Беларусі, закрылі клюб, які належаў яго жонцы (гаворка пра Міхаіла і Тацяну Гаўрыліных. – рэд.).

– Якая ідэалягічная праца праводзілася зь беларускімі ўдзельнікамі?

– Ідэалягічны складнік у мерапрыемстве адсутнічае. Беларусы прыехалі да мяне, бо яны па-прарасейску настроеныя і падтрымліваюць саюз дзяржаў, а значыць, такая праца ўжо не патрэбна.

– Які юрыдычны статус мае вашая структура?

– Ёсьць афіцыйна зарэгістраванае адкрытае акцыянэрнае таварыства, назву я ня буду казаць. Навошта нам дадатковыя праверкі? Скажу адно: падаткі плацім, афіцыйная сфэра дзейнасьці – паслугі насельніцтву. Ня буду таіць: нам дапамагае Саюз дабраахвотнікаў Данбасу, я сябра гэтага саюзу. Хоць гэта некамэрцыйная структура, але мы атрымліваем адтуль пэўны рэсурс.

– У СМІ прайшла інфармацыя, што да вас прыяжджалі людзі з Магілёва, з суполкі «Сілавая група „Русіч“».

– Вашыя беларускія журналісты ня ўмеюць адгадваць (сьмяецца). Пра сілавую групу «Русіч» я ўпершыню даведаўся зь беларускіх выданьняў. Гэта агульная параноя і спроба паўсюль знайсьці супрацоўнікаў ФСБ...

– А як складваюцца вашыя стасункі з расейскімі сілавікамі? Вы можаце абвергнуць сувязі з ФСБ?

– Ну, пацьвярджаць ня буду. Сувязі з ФСБ? Ноў комэнт.

– Чакайце, а якім чынам вы атрымалі магчымасьць свабодна бегаць з баявой зброяй па лясох? Гэта магчыма рабіць у Расеі бязь ведама сілавікоў?

– Ёсьць такая структура – ДОСААФ, празь яе таксама рэгіструюць юрыдычных асобаў. Тут зусім не абавязкова нешта паведамляць ФСБ ці паліцыі. Нашай дзейнасьцю органы не цікавіліся. Напрыклад, дзіцячыя зборы праходзілі з дазволу адміністрацыі Масквы.

***

Ураджэнец Пецярбургу 26-гадовы Аляксей Мільчакоў (пазыўны «Сэрб») мае рэпутацыю нэанацыста. Яшчэ ў 2012 годзе ён пазіраваў з нацысцкай сымболікай і адразаў галаву шчанюку. Пасьля праходзіў тэрміновую службу ў дэсантных войсках. Амаль ад самага пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе Мільчакоў узначаліў ДВШБ «Русіч» і ўдзельнічаў у баях супраць украінскага войска. У забітых украінцаў ён адразаў вушы, фатаграфаваўся з паднятым дагары вялікім пальцам на фоне згарэлых і напалову разьдзетых трупаў. У 2015 годзе Мільчакоў вывеў сваё падразьдзяленьне з Данбасу, матываваўшы гэта тым, што байцам «Русіча» патрэбныя сілы для новай вайны: «У будучай вайне, якая бліжэй з кожным днём, здаровыя патрыятычныя сілы будуць як мага дарэчы». У кастрычніку ўладамі Нарвэгіі быў затрыманы найбліжэйшы паплечнік Мільчакова – Ян Пятроўскі.

На сваёй старонцы «УКантакце» Мільчакоў неаднаразова зьняважліва выказваўся ў адрас беларускага народу. З нагоды прыбыцьця на сумесныя вучэньні ў Берасьце пскоўскіх дэсантнікаў – удзельнікаў анэксіі Крыму, Мільчакоў напісаў: «Трэба будзе – прыедзе ў 100 разоў больш нашых салдатаў».

svaboda.org