Павал Шульжонак – 34-гадовы дыякан. Жыве і служыць у Санкт-Пецярбургу. За разьмяшчэньне ў інтэрнэце фатаграфіяў, якія кампрамэтуюць яго як дыякана, летась Паўла Шульжонка на тры месяцы адхілялі ад службы. Прыкладам, на сваіх старонках у сацыяльных сетках Шульжонак разьмяшчаў сэлфі з могілак пасьля пахаваньня, а таксама свае фотаздымкі з куфлем піва ў бары.
Дыякан неаднойчы езьдзіў у так званую Данецкую Народную Рэспубліку і лічыўся духоўнікам аднаго зь яе баявых падразьдзяленьняў. Праўда, нікога не забіваў – сан не дазваляе: «Гэта рэальнае абмежаваньне, у адрозьненьне ад піва», – казаў Шульжонак. Каля месяца таму СБУ забараніла яму ўезд на тэрыторыю Ўкраіны.
Павал Шульжонак заяўляе, што зьяўляецца прыхільнікам «Рускай Імпэрскай ідэалёгіі». Не хавае і сваіх беларусафобскіх поглядаў. На старонцы сваёй суполкі ў vk.com ён называе нашу краіну «Беларускай правінцыяй» Расеі, а беларускую мову «правінцыйным дыялектам».
Даведаўшыся пра меркаваны візыт Шульжонка ў Віцебск, месьцічы зьвярнуліся з электроннымі зваротамі ў КДБ і ў віцебскі ўнівэрсытэт. На думку віцебчукоў, выступ такой асобы ў Віцебску недапушчальны.
Аднак даклад, зь якім Шульжонак зьбіраўся выступаць на форуме ў Віцебску, так і не адбыўся: зь невядомых прычын дыякан на імпрэзе не зьявіўся.
Дарэчы, сярод арганізатараў форуму ў Віцебску, на які меўся прыехаць Павал Шульжонак, – Патрыяршае падворʼе пры храме сьвятой Ірыны ў Маскве. Тамсама знаходзіцца прадстаўніцтва Беларускага экзархату ў Маскве, настаяцель храму – архіяпіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітры. Менавіта ён ініцыяваў пабудову ў Віцебску копіі полацкага Сафійскага сабору, што таксама выклікала пратэсты месьцічаў.
9 лістапада на старонцы Паўла Шульжонка ў інтэрнэце зьявіўся допіс: «Ніколі ня думаў, што мой кароткі візыт у родную Беларусію можа выклікаць такую інфармацыйную буру. Мяркуючы па ўсім, антырасейскае змагарства, гэты падвід украінства, нягледзячы на ўсю сваю бяззубасьць і недарэчнасьць, дастаткова распаўсюджаная ў Беларусіі зьява. І гэта трэба лячыць, чым раней і чым больш жорстка, тым лепш». Шульжонак сьвядома называе нашу краіну менавіта Беларусіяй, таму што так, на яго думку, гучыць гэтая назва «на клясычнай рускай мове».
Кацярына Загорская
Фота: vk.com