На сайце газеты «Витебские вести» выйшаў артыкул «Наказан  житель  Витебской  области, который размещал в интернете оскорбительные комментарии в отношении руководства нашей страны». Ужо ў загалоўку прасочваецца штучнае супрацьпастаўленне нейкага адзінкавага «жителя» і грамадзянаў «нашей страны». А ў наступным тэксце аўтар Яўген Карпас ва ўсю карыстаецца ўласнай беспакаранасцю, не шкадуючы ні адмоўных эпітэтаў, ні прамых абразаў у бок асуджанага.

Помнік расстраляным падчас сталінскіх рэпрэсій пад Воршай пацярпеў ад невядомых вандалаў. На шыльду з надпісам «Месца памяці і смутку» прыхільнікі «русского мира» наклеілі налепкі ў выглядзе георгіеўскіх стужак. Побач быў усталяваны і нейкі плакат з расейскім «трыкалорам» і зоркамі, але на момант фіксацыі акту вандалізму ён ужо быў сарваны. Усё гэта выглядае на спланаваную акцыю, бо помнік месціцца за ўскраінай гораду, і трапіць сюды можна толькі маючы пэўную мэту.

На інтэрнэт-рэсурсе politring.com апублікаваны артыкул даўняй калумністкі выдання Эльвіры Мірсалімавай – жыхаркі Віцебску, вядомай сваімі прарасейскімі поглядамі. Яна мяркуе, што так званая «спецаперацыя» Расеі ва Украіне – гэта « шанс на спасение» для Беларусі.

Стала вядома, што ў дачыненні былой журналісткі «Еўрарадыё» Юліі Матузавай следчыя органы распачалі крымінальную справу за нібыта дачыненне да каналу «Карнікі Беларусі». Міліцыянты правялі ператрус у яе бацькоў у Наваполацку. Па якім артыкуле ідзе расследаванне, яны не паведамілі. Гэта першая крымінальная справа, заведзеная на журналістаў "Еўрарадыё".

Інфармацыя пра тое, што ў Віцебску на Дзень Перамогі пройдзе шэсце «Несмяротнага палку» («Бессмертный полк») была размешчаная на афіцыйнай старонцы ініцыятывы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте», на якую падпісана крыху больш за 700 удзельнікаў. Як запэўніваюць арганізатары, акцыя ўзгодненая з мясцовымі ўладамі.