Нядзеля, 04 Май 2014

За першы квартал насельніцтва Віцебскай вобласьці зьменшылася на 1100 чалавек

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле стану на 1 красавіка 2014 году колькасьць насельніцтва Віцебскай вобласьці склала 1 млн. 201,0 тысячу чалавек. За тры месяцы колькасьць жыхароў Віцебшчыны зьменшылася на 1100 чалавек. Па выніках трох месяцаў бягучага году Віцебшчына працягвае ўтрымліваць сумнае лідэрства: вобласьць займае першае месца па каэфіцыенце сьмяротнасьці і дэманструе самы нізкі ў краіне каэфіцыент нараджальнасьці.

За першы квартал на тэрыторыі Віцебскай вобласьці нарадзілася 3 075 чалавек, памерла 4 553 чалавек. Натуральнае зьмяншэньне насельніцтва (перавышэньне сьмяротнасьці над нараджальнасьцю) склала 1 478 чалавек і было крыху кампэнсаванае міграцыйным прыростам, які павялічыўся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Натуральны прырост, зьмяншэньне (-) насельніцтва па абласьцёх і Менску ў I квартале 2014 году

 

Паводле апэратыўных дадзеных, колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 Красавіка 2014 году склала 9 467 тыс. чалавек. Натуральнае зьмяншэньне насельніцтва ў студзені-сакавіку 2014 году ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам 2013 году паменшылася на 34,9% і склала 3 621 чалавек. Міграцыйны прырост у студзені-сакавіку 2014 году склаў 2 432 чалавекі.

 

Колькасьць жыхароў за студзень-сакавік павялічылася толькі ў Менску, у астатніх рэгіёнах краіны колькасьць жыхароў за гэты час зьменшылася.

 

Колькасьць насельніцтва па абласьцёх і Менску

 

У студзені-сакавіку 2014 году ў краіне нарадзілася 27 690 дзяцей, памерла - 31 311 чалавек. У цэлым па краіне ў студзені-сакавіку 2014 году колькасьць памерлых перавысіла колькасьць народжаных на 13,1% (за аналягічны пэрыяд мінулага году - на 19,8%).

Па выніках першага кварталу Віцебшчына працягвае ўтрымліваць сумнае лідэрства: займае першае месца па паказчыку натуральнага зьмяншэньня насельніцтва (1 478 чалавек), дэманструе самы нізкі ў краіне каэфіцыент нараджальнасьці (10,4 пры сярэднім у краіне 11,9) і знаходзіцца на першым месцы па каэфіцыенце сьмяротнасьці (15,4 пры сярэднім у краіне 13,4).

Крыніца: Хімік.інфо