Таму пытаньне, якое «Дыялёг» задаў актывісту – датычна выбараў.
– Якімі Вы бачыце найбліжэйшыя выбары у мясцовыя саветы?
– Апошні раз рэальна падлічвалі галасы на выбарах у мясцовыя саветы ў 2003 годзе. Тады па ўсёй краіне каля 200 прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў сталі дэпутатамі мясцовых саветаў, у тым ліку і тры дэпутаты ў Гарадоцкім райсавеце.
З рэфэрэндумам 2005 году канчаткова спынілася праца выбарчых камісіяў па рэальным падліку галасоў. Гэтую фальсыфікацыю фіксуюць міжнародныя і незалежныя назіральнікі па выніках усіх наступных кампаніяў. У краіне адбываюцца квазівыбары ўжо каторы раз.
У гэтай сытуацыі, калі за кратамі знаходзяцца палітычныя вязьні, а рэальных зьменаў у заканадаўства аб выбарах рэжым не жадае ўносіць, дэмакратычнаму грамадзтву неабходна засьведчыць сваю наяўнасьць, сваю альтэрнатыву. Неабходна кропкава ўдзельнічаць у тых акругах, дзе магчыма правесьці адэкватную агітацыйную кампанію. Гэта пераважна буйныя гарады і райцэнтры, дзе ёсьць кропкі дэмакратычнай думкі.
Адначасова з агітацыйнай кампаніяй неабходна арганізаваць у акругах з дэмакратычнымі кандыдатамі і эфэктыўнае назіраньне.
Гэта тыя задачы, якія магчыма вырашаць у гэтай кампаніі. Асаблівых зьменаў у паводзінах рэжыму чакаць не даводзіцца, таму трэба вырашаць гэтыя лякальныя пытаньні з прыцэлам на прэзыдэнцкую кампанію.
– Спадар Леанід, з Вашай пазыцыяй наконт выбараў зразумела. А вяртаючыся ў мінуўшчыну, з чаго пачалася Ваша грамадзка-палітычная дзейнасьць?
– Усё пачыналася зь цікавасьці да нашай спадчыны, да грамадзка-палітычных падзеяў, якія ў другой палове 1988 году адбываліся ў Менску: стварэньне «Мартыралёгу», аргкамітэту БНФ, брутальны разгон шэсьця на Дзяды. Атрыманая літаратура ад Зянона Пазьняка дапамагала лепш разабрацца ў падзеях, якія тады адбываліся на Беларусі. Менавіта ў той час я быў ініцыятарам стварэньня Гарадоцкай філіі ТБМ – на устаноўчай канфэрэнцыі ўдзельнічала больш за 30 дэлегатаў з розных школ раёну.
Калі ў 1990 годзе стала відавочнай дэструктыўная пазыцыя КПБ па нацыянальным пытаньні, дык, зьяўляючыся дырэктарам вясковай школы, паклаў партбілет у сувязі зь нязгодай з партыйнай палітыкай у нацыянальным пытаньні.
Потым былі выбары ў Вярхоўны Савет 12 скліканьня, дзе падтрымліваў незалежнага кандыдата Мікалая Галая, дырэктара Пралетарскай сярэдняй школы, які атрымаў падтрымку больш як 4 тысяч выбаршчыкаў раёну.
Фактычна, мая дзейнасьць у нацыянальным адраджэньні і палітычным змаганьні распачалася 25 гадоў таму і мае свой працяг і цяпер.
– У чым яна праяўляецца ў Віцебскім рэгіёне?
– У рэгіёне я садзейнічаю мясцовым ініцыятывам, якія накіраваныя на інфармаваньне грамадзтва пра рэальнае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краіны і рэгіёну. Гэта і выданьне незалежных газэт, і разьвіцьцё інтэрнэт-рэсурсу, і іншае. Таксама падтрымка розных спраў, накіраваных на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Непасрэдна ў Гарадку выдаю інфармацыйную культурна-грамадзкую газэту “Гасьцінец”, адмініструю інтэрнэт-рэсурс.
Падчас выбарчых кампаніяў садзейнічаю агітацыйнай дзейнасьці незалежных кандыдатаў, а таксама ўдзельнічаю ў назіраньні за дзейнасьцю выбарчых камісіяў падчас галасаваньня.
У склад камісіяў мяне звычайна не ўключаюць, а вось падчас назіраньня неаднаразова фіксаваў факты парушэньняў выбарчага заканадаўства з боку выбарчых камісіяў. На жаль, праваахоўныя ворганы не даюць гэтым фактам належнай ацэнкі. А факты даволі прыкрыя: падробка дакумэнтаў, складаньне адказаў на скаргу да таго часу, як яна была пададзеная, або прызнаньне першага звароту паўторным і спыненьне ліставаньня з боку Цэнтрвыбаркаму
– Вы згадалі інтэрнэт-рэсурс, якім Вы займаецеся. Распавядзіце, калі ласка,падрабязьнейпра Ваш сайт?
– Наш сайт падае інфармацыю карыстальнікам аб гісторыі, геаграфіі, культуры Гарадоччыны, а таксама амаль штодзённыя навіны пра жыцьцё раёну і краіны ў розных рубрыках: “Палітыка”, “Грамадзтва”, “Культура”, “Эканоміка”, “Спорт”, “Здарэньні”. На сайце разьмяшчаюцца нумары незалежнай газэты “Гасьцінец”, ёсьць матэрыялы пра антыбальшавіцкі супраціў 1918 году, матэрыялы па тарасазнаўстве – аб паэме “Тарас на Парнасе” і яе аўтары Канстанціне Вераніцыне.
Сайт зьяўляецца двухмоўным – падае інфармацыю на дзьвюх дзяржаўных мовах: беларускай і расейскай. Мы зацікаўленыя ў зваротнай сувязі са сваімі карыстальнікамі, якія маюць магчымасьць пакідаць свае камэнтары на кожны артыкул.
– Над чым Вы зараз працуеце, якія маеце пляны на будучыню?
– Штодзённая праца па запаўненьні сайту – гэта тое, над чым працуем і зараз, і потым. Актуальнай задачай для нас зьяўляецца прасоўваньне сайту ў сацыяльных сетках. Але для гэтага трэба яшчэ дапрацаваць асобныя рубрыкі сайту, каб павысіць яго эксклюзыўнасьць, а таксама дадаць новыя.
Грамадзка значнай лічу справу па інфармаваньні грамадзтва аб “Картатэцы Сталіна” – сьпісах рэпрэсаваных па Гарадоцкім раёне, якія павінны зьявіцца на сайце найбліжэйшым месяцам. Гэтыя сьпісы будуць складзеныя з “Картатэкі Сталіна”, якая на пачатку году штодзень друкавалася на старонках парталу “Радыё Свабода” і ўтрымлівае больш за 70 тысяч ахвяраў сталінскага крыважэрнага рэжыму. Больш за тысячу рэпрэсаваных было на тэрыторыі Гарадоцкага, Мехаўскага, Межанскага, Езярышчанскага раёнаў, якія існавалі ў тыя часы.
Ня менш актуальнай зьяўляецца і прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да праблемы баршчэўніку, якія захоплівае ўсё большыя тэрыторыі на Гарадоччыне, а ўлады не вядуць эфэктыўнай барацьбы з гэтым батанічным монстрам. Шкада, што кожны год страчваецца веснавы час, калі магчыма эфэктыўна змагацца з баршчэўнікам, а па восені ён працягвае свой наступ на састарэлыя вёскі Гарадоччыны, якія зьнікаюць...
Крыніца: Дыялёг Online газэта