Серада, 06 Сакавік 2013

Міліцыянты ня выявілі парушэньняў падчас аблавы на гей-вечарыну

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Упраўленьне па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлем людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкаму паведаміла актывістам Максіму Гайкову, Тацьцяне Быкавай і Алегу Квяцінскаму аб тым, што іх скарга адносна дзеяньняў праваахоўных ворганаў падчас рэйду на ЛГБТ-вечарыну ў клюбе “21 стагодзьдзе” разгледжаная. Першы намесьнік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму ўдакладніў, што па факце скаргі была праведзеная праверка. У яе выніку высьветлілася, што 12 студзеня службовыя асобы ў віцебскім клюбе “21 стагодзьдзе” праводзілі “наступныя апэратыўна-пошукавыя мерапрыемствы: абсьледаваньне памяшканьняў, будынкаў, збудаваньняў, іх агляд з мэтай магчымага выяўленьня прыкмет злачыннай дзейнасьці, а таксама апытаньне грамадзян. Падчас названых пошуковых мерапрыемстваў праводзіўся відэазапіс”.

Абапіраючыся на абзац 4 артыкулу 11 разьдзелу 3 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб апэратыўна-пошукавай дзейнасьці” першы намесьнік кіраўніка УУС Віцебскага аблвыканкаму падкрэсьлівае, што ніякіх парушэньняў закону з боку супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў выяўлена не было. “Падчас правядзеньня апэратыўна-пошукавых мерапрыемстваў выкарыстоўваюцца інфармацыйныя сыстэмы, відэа- і аўдыёзапіс, кіна- і фотаздымкі, а таксама іншыя тэхнічыя і іншыя сродкі, што не наносяць шкоды здароўю людзей і навакольнаму асяродзьдзю”, - спасылаецца ён на Закон.

Аднак такі адказ не задавальняе віцебскіх актывістаў. Яны зьбіраюцца азнаёміцца з матэрыяламі праверкі і, калі спатрэбіцца, абскардзіць іх у судзе ці вышэйшых інстанцыях. “Па-першае, трэба азнаёміцца з матэрыяламі праверкі і абскардзіць прынятае УУС Віцебскага аблвыканкаму рашэньне ў МУС Рэспублікі Беларусь. Трэба напісаць новую скаргу: на тое, што супрацоўнікі праваахоўных ворганаў не прадстаўляліся на запатрабаваньне наведвальнікаў клюбу. Таксама яны паводзіліся з намі вельмі некарэктна. На гэтыя пункты нашай скаргі УУС Віцебскага аблвыканкаму не адказала”, - удакладніў актывіст Алег Квяцінскі.

ГейБеларусь