Сёлета БХД адзначае 100-гадовы юбілей. Менавіта з гэтай нагоды і прайшла сустрэча віцебчукоў з палітыкам.
У Віцебск Павал прыехаў не з пустымі рукамі. Ён прывёз з сабой сьвежавыдадзеныя кнігі, прысьвечаныя беларускай культуры і БХД, якія прэзэнтаваў падчас сустрэчы.
Сама ж сустрэча пачалася з даволі вялікага і глыбокага экскурсу ў гісторыю Беларусі і гісторыю ўзьнікненьня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі». Прысутныя занурыліся ў справы даўно мінулых дзён. Павал расказаў і пра Рэфармацыю, што распачалася ў 1517 годзе, і пра выданьне першай друкаванай Бібліі на беларускай мове, якая выйшла таксама ў 1517 годзе. Асноўная ж увага была нададзеная 1917 году, калі адбыўся ня толькі ўсім вядомы пераварот, але і паўстала «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». А заснавальнікамі сталі 30 каталіцкіх сьвятароў, якія сабраліся пад Менскам і стварылі сваю партыю.
Наступная частка сустрэчы была прысьвечаная бягучым палітычным рэаліям Беларусі.
Палітычную і эканамічную сытуацыю, што склалася ў краіне, Павал ахарактарызаваў наступнымі словамі: «Ужо нават касьцельныя бабулі лаюцца апошнімі словамі на гэтую ўладу». На яго думку, цяперашняе кіраўніцтва завяло краіну ў тупік, і толькі дэмакратычныя прынцыпы, на якіх і стаіць партыя БХД, здольныя вывесьці яе на курс разьвіцьця і росквіту.
Пад канец сустрэчы ў тых, хто сабраўся, была магчымасьць падзяліцца сваімі меркаваньнямі і задаць пытаньні. Больш за ўсё людзей хвалявалі тэмы ўзаемаадносін праваслаўнай царквы і «рускага сьвету» і зьвязанага з гэтым ўплыву РПЦ на палітыку нашай дзяржавы, а таксама магчымая расейская акупацыя Беларусі.
У завяршэньне сустрэчы прайшла прэзэнтацыя кнігаў «Люблю Беларусь», «100 асобаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» «Беларуская хрысьціянская азбука», «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. 1917-2017". І многія не ўпусьцілі магчымасьць набыць на памяць прадстаўленыя кнігі. Тым больш, што Павал з задавальненьнем раздаваў аўтографы і фатаграфаваўся.
https://vitebsk.dns.army/news/roznae/item/2339-paval-sevyarynets-na-getuyu-uladu-layutstsa-uzho-kastselnyya-babuli#sigProId810b95fc4d
Уладзімер Бяляўскі