Нядзеля, 20 Май 2018

Сусьветны дзень барацьбы з гамафобіяй у Віцебску адзначылі праглядам фільму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Напярэдадні Сусьветнага дня барацьбы з гамафобіяй, які адзначаецца 17 траўня, у Віцебску прайшоў бясплатны паказ фільму «Кліч мяне сваім імем». Арганізатарам імпрэзы выступіла «Жывая бібліятэка». Ва ўтульнай залі арт-прасторы VZAP сабралася каля 20 маладых чалавек, галоўным чынам студэнтаў. Зь іх было толькі 2 хлопцы, астатнія дзяўчаты.

У аснове сюжэту фільму ляжыць гісторыя каханьня паміж 17-гадовым хлопцам Эліё Перлманом, які жыве з бацькамі ў сядзібе ў Італіі, і Олівэрам, 24-гадовым навукоўцам з Амэрыкі, які прыехаў у госьці да бацькі Эліё. Фільм выйшаў на экраны ў 2017 годзе і атрымаў Прэмію Оскара 2018 у намінацыі «Найлепшы адаптаваны сцэнар». Акрамя гэтага ён быў намінаваны ў катэгорыях «Найлепшая мужчынская роля», «Найлепшы фільм» і «Найлепшая песьня».

Пасьля прагляду фільму адбылася невялікая гутарка-рэфлексія. У ёй ахвотныя маглі ня толькі падзяліцца сваім меркаваньнем пра кіно, але і выказаць пазыцыю наконт праблемы, узьнятай у ім. На размову засталіся толькі каля 10 чалавек, прычым усе – дзяўчыны. Відаць, для хлопцаў такая тэма зьяўляецца менш цікавай, а мо' папросту ім няёмка пра гэта размаўляць.

Арганізатар прагляду прапанаваў усім адказаць на пытаньне, як яны ставяцца да тэматыкі фільму. Усе выказаліся ў тым духу, што яны ня бачаць нічога ў тым дрэннага. Хоць пры гэтым некаторыя дзяўчыны заявілі, што яны супраць прапаганды, а гэтая прыгожа паказаная гісторыя ёсьць ня чым іншым, як прапагандай.

Студэнтка Аня зь мэдунівэрсытэту падзялілася сваімі думкамі адносна прагледжанага фільму: «Гэты фільм памяняў мой сьветапогляд, таму што заўсёды гэта ўспрымалася грамадзтвам як клішэ, нешта агіднае, якое выходзіць за рамкі, а тут жа паказана усё досыць прыгожа. Тут сапраўды каханьне малюецца. Мы прызвычаіліся, што каханьне – гэта паміж мужчынам і жанчынай, і гэта нармальна, прыгожа, натуральна. А тут жа паказана было – сапраўды прыгожа і натуральна – каханьне, але толькі паміж мужчынамі. Адзінае маё меркаваньне з гэтай нагоды: паколькі большасьць людзей вельмі адмоўна да гэтага ставяцца, то я супраць таго, каб гэта выстаўлялася на паказ».

Уладзімер Бяляўскі