Дзмітрый Карняенка даслаў зварот у Лепельскую раённую пракуратуру, дзе пазначыў шэраг спасылак на архіўныя матэрыялы газеты «Лепельскі край», дзе былі цытаты, згадкі обо фотаздымкі з «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсаў. На дзень звароту 5 жніўня гэтыя матэрыялы былі ў свабодным доступе і іх мог прагледзець любы ахвотны. Адпаведна, на думку актывіста, ім было зафіксавана парушэнне ч.2 арт.19.11 КаАП. І Дзмітрый Карняенка прасіў супрацоўнікаў ведамства даць справядлівую ацэнку гэтым фактам і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.
З першым праблем нібыта не ўзнікла. Пракурор Лепельскага раёна Віталь Жыгімонт адказаў, што на ягонае патрабаванне доступ да архіўных матэрыялаў ужо заблакаваны, і «экстрэмісцкіх» лагатыпаў на фотаздымках больш ніхто не ўбачыць. А вось наконт пакарання вінаватых усё аказалася не так проста.
«Пасадовая асоба, адказная за вядзенне архіўнай версіі сайта, звольнена з рэдакцыі. У сувязі з гэтым прыцягненне яе да дысцыплінарнай адказнасці цяпер не магчымае», -- гаворыцца ў адказе актывісту . Але ягоны зварот пракуратура накіравала ў Лепельскі РАУС. І там будуць вырашаць пытанне наконт прыцягнення вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці.
Такім чынам пракратура пераклала адказнасць за верагоднае пакаранне былога супрацоўніка рэдакцыі як фізічнай асобы на актывіста. Падобная сітуацыя з Дзмітрыем Карняенкам ужо была. Актывіст, які звярнуўся ў кампетэнтныя органы, каб там звярнулі ўвагу на публікацыі ў сацыяльных сетках прарасейскай актывісткі Эльвіры Мірсалімавай, быў абвешчаны ёй «даношчыкам». Гэты пасыл тут жа падхапілі праўладныя інтэрнэт- рэсурсы, заяўляючы пра «звядзенне рахункаў», «пераслед іншадумцаў». Хаця актывіст меў на мэце зусім іншае. Ен імкнуўся звярнуць увагу адказных структур на тое, што шэраговых беларусаў сурова караюць за спасылкі, «лайкі» і «рэпосты» з экстрэмісцкіх рэсурсаў, за «пікетаванне ў інтэрнэце» шляхам размяшчэння фотаздымкаў і гэтак далей, тады як адыёзная віцебская прыхільніца «русского мира» робіць усё тое самае. Пры гэтым яе публікацыі бачаць сотні чалавек, а суды Віцебшчыны караюць «суткамі» і штрафамі нават ўа нейкую адну старую падпіску на рэсурсы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі» значна пазней.
Рамуальд Гатоўскі