Панядзелак, 09 Верасень 2024

У «экстрэмісцкі спіс» МУС уключылі двух жыхароў Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У спіс асобаў «схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», паводле рашэння Міністэрства ўнутраных спраў ад 6 верасня 2024г. уключылі 50-гадовага Ігара Атрафіменку і 39-гадовага Андрэя Стабулянца. Атрафіменку судзілі зусім нядаўна – сёлета ў жніўні. Стабулянца асудзілі каля трох месяцаў таму, і 23 жніўня ён спрабаваў абскардзіць вырак у Вярхоўным судзе.

Ігар Атрафіменка – жыхар Віцебска. Сёлета ў жніўні суддзя суда Кастрычніцкага раёна Святлана Кузмічонак асудзіла яго за абразу Аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК. Якое пакаранне прысуджана, праваабаронцам пакуль не вядома. Падобна, што асуджаны рашэнне суда не абскарджваў.

Андрэй Стабулянец – жыхар райцэнтра Паставы. Ен асуджаны паводле ч.3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Сёлета ў траўні-чэрвені яго разам з глыбоцкім трэнерам і бодзібілдарам Аляксандрам Шарабайкам і пастаўчанінам Дзянісам Цыбульскім судзілі ў Віцебскім абласным судзе. У залежнасці ад ролі кожнага, мужчын прызналі вінаватымі паводле арт. 368 КК(абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і ч.3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Яўген Буруноў.

Перад тым Андрэя некалькі разоў затрымлівалі і некалькі разоў судзілі «за распаўсюд экстрэмізму». Таксма падчас затрыманняў распытвалі пра наведванні судоў і пра тое, каму перадаваў інфармацыю. Дома ў Стабулянца некалькі разоў праводзілі ператрусы, таксама міліцыянты вывучалі перапіску ў ягоным тэлефоне. Мужчыну звінавацілі ў тым, што ён наведваў суды і такім чынам дапамагаў праваабаронцам фіксаваць звесткі пра палітычна матываваныя прысуды.Найверагодней, знойдзеная такім чынам інфармацыя і стала падставай для крымінальнага пераследу Шарабайкі, Цыбульскага і самога Стабулянца за сувязі з праваабарончымі структурамі.

Марыя Смірніцкая