Раней у Багушэўску функцыянавалі паліклініка, і бальніца, але ў 2018 годзе, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, установу закрылі. Зараз будынак былой бальніцы ў Багушэўску выстаўлены на продаж. Па задумцы аптымізатараў медыцынскіх паслуг, патрэбы мясцовых жыхароў мае задавальняць бальніца сястрынскага догляду з амбулаторыяй. І гэта істотна пагоршыла якасць медычнага абслугоўвання ў пасёлку. Нават цалкам прайсці медагляд у Багушэўску цяпер немагчыма – на прыём ЛОР-урача людзям даводзіцца выязджаць у Сянно.
Сітуацыі быў здзіўлены нават Камітэт Дзяржкантролю, які даследаваў гэтую праблему. Але, нягледзячы на пытанні з боку КДК, канкрэтныя рашэнні па паляпшэнні сітуацыі пакуль не прапанаваны. Зрэшты, іх прапануюць самі мясцовыя жыхары, звяртаючыся да мясцовых уладаў. Прапановы ў людзей наступныя:
-аднавіць некаторыя віды паслуг, вярнуўшы ў комплексную амбулаторыю Багушэўска хаця б базавых спецыялістаў.
- у якасці альтэрнатывы першай прапанове забяспечыць прыезд спецыялістаў у пасёлак, склаўшы графік для правядзення медаглядаў на месцы.
- рэарганізаваць сістэму медычнага абслугоўвання яшчэ раз – усё ж адкрыць невялікую паліклініку ў Багушэўску з усім спектрам медыцынскіх паслуг, калі гэта эканамічна абгрунтавана.
У адпаведнасці з артыкулам 14 Закона Рэспублікі Беларусь аб ахове здароўя, для забеспячэння своечасовай медыцынскай дапамогі грамадзяне прымацоўваюцца да дзяржаўных устаноў аховы здароўя па месцы іх пражывання або знаходжання. Атрымліваецца, гэты закон у Багушэўску парушаецца.
Між тым, праблемы з праходжаннем медагляду маюць не толькі жыхары Багушэўска. У Паставах людзі таксама скардзяцца на тае, што не могуць абысці ўсіх спецыялістаў за абмежаваны час, вызначаны для медаглядаў. Бо працоўныя месцы неабходных лекараў знаходзяцца ў розных будынках.
Таццяна Мокрая