Пятніца, 27 Верасень 2024

«Руководство района знает, что больше всего волнует население», -- сказаў кіраўнік Аршанскага райвыканкама. І паабяцаў фантан

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прызначаны год таму старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Мароз рэгулярна праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі. І дзеліцца з работнікамі планамі ўладаў наконт развіцця рэгіёна і добраўпарадкавання горада. Заявы ад яго бываюць вельмі гучныя, а часам нават сенсацыйныя. Аднак кіраўнік раёна заўжды падкрэслівае, «што руководство района знает, что больше всего волнует население, видит, какие проблемы требуют пристального внимания и понимает, как их нужно решать».

Пасаду старшыні райвыканкама Ігар Мароз займае крыху больш за год. У Оршу ён трапіў з пасады старшыні Сенненскага райвыканкама і адкрыта прызнаваўся, што вельмі мала ведаў пра рэгіён, кіраваць якім быў прызначаны. Па адукацыі ён ветэрынарны ўрач, але пасля Акадэміі ветэрынарнай медыцыны скончыў беларускую Акадэмію кіравання і з тае пары займае кіраўнічыя пасады.

Адно з першых новаўвядзенняў, якое прапанаваў Ігар Мароз, гэта ліквідацыя смеццеправодаў ў аршанскіх шматпавярхоўках. Такую заяву ён зрабіў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі лакаматыўнага дэпо ў ліпені гэтага года. Але сапраўдны «канёк» новага кіраўніка раёна – гэта паркі. Пра тое, што гэта самая актуальная праблема Оршы ён казаў, каментуючы вынікі свайго кіравання цягам апошняга года: «Мы только в начале пути этой масштабной работы! Но за год постарались сделать серьезный задел на будущее. В первую очередь взялись за благоустройство наших основных парков и скверов».

Падчас апошняй сустрэчы з працаўнікамі горада, на якую былі запрошаны супрацоўнікі падатковай інспецыі, Ігар Мароз зноўку паўтарыў сваю тэзу пра тое, што кіраўніцтва лепей ведае, што патрэбна гараджанам. І чаоговы раз загаварыў пра гарадскія паркі, зазначыўшы, што «тема благоустройства парков и скверов сегодня одна из приоритетных в работе местных органов власти». Нагадаем, што якраз у часе кіравання Ігара Мароза былі знішчаны ліпы ў Парку Герояў, бо там вызваляюць месца пад флагшток і будучую Плошчу дзяржаўных сімвалаў.

Кіраўнік раёна распавёў аршанцам пра добраўпарадкаванне паркаў, якое працягваецца ўжо год. І паадяцаў стварыць у цэнтры Оршы «зону адпачынку моладзі і «падземны» фантан з вечаровай падсветкай».

Наколькі гэта сапраўды актуальна, можна меркаваць з пытанняў, якія прысутныя на сустрэчы задавалі Ігару Марозу. «Во время встречи Игорю Александровичу задавали вопросы, касающиеся вывоза мусора, качества воды, состояния сельских дорог, покоса травы, озеленения», -- піша «Аршанская газета». Варта было чакаць, што ў горадзе, дзе мала вартай працы з годным заробкам, зусім не паркі і фартаны хвалююць мясцовае насельніцтва.

Тым не менш, аршанскія ўлады спрабуюць усё, што робіцца ў горадзе, прадставіць як выкананыя «просьбы працоўных». Так, на сустрэчы з падаткавікамі нібыта прагучала пытанне добраўпарадкаваць той самы Парк Герояў, дзе зараз рыхтуюцца ўсталяваць 60-метровы флагшток для дзяржаўнага сцяга. А ў пачатку гэтага месяца «Аршанская газета» апублікавала артыкул, дзе гаварылася пра новыя аб'екты ў горадзе і выкананне пажаданняў мясцовых жыхароў, якія год таму збіраў райвыканкам. Паводле гэтага тэкста, менавіта шэраговыя аршанцы выказалі пажаданні абнавіць раённую Дошку гонару, у якую ўкладзены немалыя бюджэтныя сродкі, і ўсталяваць макеты «Кацюш» са штучнага газону, горда названыя «тапіярнымі кампазіцыямі».

Юрка Жмых