Нядаўна на Докшыччыне вырашылі «аптымізаваць» дзейнасць «аўтагандлю» і адмянілі паездкі ў тыя вёскі, дзе ёсць стацыянарныя крамы. Вырашылі, што людзям досыць і таго, што ёсць, не пацікавіўшыся іхнымі меркаваннямі.
Па шматлікіх скаргах маршруты аўталавак, якія былі адменены, усё-ткі аднавілі. Цяпер крамы на колах па-ранейшаму прыязжаюць у глыбінку двойчы на тыдзень. Аднак асартымент тавару ў іх недастатковы. Гэта была вымушана прызнаць першая намесніца дырэктара Докшыцкага філіяла аблспажыўтаварыства Ірына Савінава. «Што датычыцца асартыменту тавараў у аўтакрамах, на які рэгулярна скардзяцца вяскоўцы, то ён пакідае чакаць лепшага», - сказала яна карэспандэнту раённай газеты «Родныя вытокі». Але і пахвалілася, што запалкі і соль, якіх не было ў продажы, нарэшце з'явіліся.
Ірына Вяткіна