Субота, 28 Верасень 2024

Міліцыя з усёй вобласці і фільтрацыйныя пункты. Сёння ў Бешанковічах стартуюць абласныя «Дажынкі-2024»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

27 верасня сітуацыя ў райцэнтры нагадвае рэжым вайсковага ці надзвычайнага становішча: міліцыю перавялі на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Для « каардынавання ўсіх сіл і сродкаў, якія знаходзяцца ў пасёлку», працуе аператыўна-сітуацыйны штаб. Каля галоўнай сцэны створана «рэжымна-абмежавальная зона», а для «зручнасці» мясцовых жыхароў і гасцей «працуюць 5 фільтрацыйных пунктаў». Вось толькі на добраўпарадкаванне Бешанковічаў выдаткавана няшмат.

Традыцыйна жыхароў Бешанковіч папярэджваюць пра абмежаванне праезду ў цэнтральнай частцы райцэнтру. Бо менавіта там будуць праходзіць імпрэзы з удзелам вялікага прадстаўніцтва раённага і абласнога начальства.

Ці наведваць мерапрыемствы «Дажынак» - асабісты выбар кожнага. На цырымонію ўзнагароджання найлепшых працаўнікоў сяла ўваход будзе толькі па запрашэннях, аднак усіх ахвотных запрашаюць узяць удзел у іншых падзеях. Прыкладам, ва ўрачыстым адкрыцці бюста Героя Савецкага Саюза, першага сакратара падпольнага райкама партыі і камандзіра брыгады «За Советскую Белоруссию» Паўла Раманова каля мясцовага краязаўчага музея. Газета «Віцьбічы» паведамляе і пра такую святочную падзею: «Для первых посетителей раскроет двери расчетно-кассовый центр РУП «Витебскэнерго».

Таксама віцебскае гарадское выданне апісвае, што зроблена ў райцэнтры да свята, бо па даўняй завядзёнцы, у месцах правядзення «Дажынак» робяць капрэмонты. «Новыми красками засияли отремонтированные жилые дома и общественные здания, новым покрытием радуют улицы, а скверы располагают к прогулкам», - у такім бравурным тоне паведамляецца чытачам пра пераўтварэнні ў Бешанковічах.

Паводле газеты, «на подготовку райцентра к «Дажынкам» были направлены солидные финансовые средства: только на апгрейд объектов образования – 8,2 миллиона рублей; на капитальный и текущий ремонт жилья – порядка 6 миллионов рублей; на ремонт улично-дорожной сети – около 5 миллионов рублей». Каб зразумець масштаб выдаткаў на добраўпарадкаванне населенага пункта, дзе жывуць амаль 7 тысяч чалавек, дастаткова аднаго параўнання. Так, на бягучы і капітальны рамонт жытла ва ўсіх Бешанковічах выдаткавана практычна столькі ж, колькі ўлады гатовыя ўкласці ў адзін ідэалагічны аб'ект у Оршы – у новую Плошчу герба і сцяга ( 5,7 мільёнаў рублёў). На рамонт дарог у райцэнтры, прыкладам, выдаткавана на адзін мільён менш.

Віктар Пярцоў