Тэлеграм-канал раённай газеты «Герой працы» паведаміў пра тое, што з «16 осужденными, проживающими на территории района, проведены беседы об преодолении аморальных влечений и привычек у осужденных, формирование нравственных ценностей». А таксам пра адмысловы праект крымінальна-выканаўчай інспекцыі, які «включает в себя практические мероприятия по привлечению лиц, имеющих судимость и не занятых трудом (учёбой), к общественно-полезному труду на территории родного района».
У межах гэтага праекта асобаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі, накіравалі ў вёску Падмішнеўе на добраўпарадкаванне брацкай магілы загінулых падчас мінулай вайны. «Працатэрапія», як вынікае з паведамлення ў афіцыйным Тэлеграм-канале, была не толькі бясплатна: яна праводзілася без інструктажу па тэхніцы бяспекі, без забеспячэння рабочым адзеннем, без аніякіх дакументаў пра тое, на якіх падставах працуюць гэтыя людзі. Калі ў падобным выпадку з работнікам нешта здарыцца, ніхто не панясе за гэта адказнасці.
Але РАУС гэта, падобна, не хвалюе. Важней даць справаздачу пра прафілактычнае мерапрыемства супраць рэцыдыўнай злачыннасці. Такая практыка назіраецца у многіх рэгіёнах Віцебшчыны. Прыкладам, нядаўна прыбіраць смецце ў яры накіроўвалі жыхароў Наваполацка, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
Дзяніс Ярошнікаў