Канцэпцыя блогера- ідэолага не памянялася. У першых выпусках відэаблога яшчэ пад старой назвай ён насміхаўся над тымі беларусамі, якія былі вымушаны з'ехаць за мяжу пад пагрозай пераследу за актыўнасць падчас паслявыбарчых падзеяў 2020 года. І пад новай назвай працягвае распавядаць сваім гледачам усё пра тое ж – як кепска жывецца беларусам у Еўропе і як іх падманваюць дэмакратычныя лідары, якія таксама апынуліся ў замежжы.
Нічога новага. Папулярным відэаблог не стаў: пад ранейшай назвай «Свята место» відэаролікі Святаслава Міхайлава ледзьве набіралі пад сотню праглядаў за некалькі тыдняў. Пад новай назвай з ім здарыўся нейкі тэхнічна-ідэалагічны цуд, які папросту называецца «накрутка»: першы відэаролік перайменаванага блога, апублікаваны 4 дні таму, набраў ужо пад 500 праглядаў, а другі за першыя 13 гадзін – ажно больш за 2 600 праглядаў.
Пры гэтым нічога канцэптуальна новага ў ім не прагучала: ідэолаг чарговы раз раскрытыкаваў Святлану Ціханоўскую. У друкаваным выглядзе тэкст, які агучвае віцебскі ідэолаг, быў апублікаваны ў газеце «Витебские вести» яшчэ 6 кастрычніка.
Аляксандр Падзвінскі