Незадаволеныя жыхары просяць захаваць ад вырубкі невялікі гаёк. Тым болей, што новыя саджанцы на тамтэйшай глебе прыжываюцца цяжка. Яны звярталіся з гэтай праблемай у Віцебскую гарадскую і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Але віцяблянам, якія заўважылі надзённую праблему зараз, тлумачаць, што яны спазніліся на тры гады. Паводле кіраўніцы інспекцыі Ганны Алейнікавай, праектная дакументацыя па аб'екце «Праект забудовы жылога раёна «Тарны» у г. Віцебску» была распрацавана ў лютым 2022 года і зацверджана загадам ДП «УКБ горада Віцебска», які з'яўляецца заказчыкам па праектаванні і будаўніцтве дадзенага аб'екта. Грамадскае абмеркаванне перспектыў будаўніцтва ў Тарным праводзілася ў жніўні 2021 года. І тады, маўляў, усе ахвотныя мелі права выказацца. Але ніякіх заўвагаў ці прапаноў не паступала.
Па архітэктурным праекце і ўнесеных змяненнях ёсць станоўчыя заключэнні дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, падкрэслівае Ганна Алейнікава. А таму, маўляў, вырубка дрэваў вядзецца на законных падставах. Адзінае, што можа зрабіць інспекцыя, -- гэта рэкамаендаваць дзяржаўнаму прадпрыемству "УКБ горада Віцебска" ў перыяд правядзення будаўніча-мантажных работ разгледзець пытанне аб магчымасці максімальнага захавання аб'ектаў расліннага свету. Але падобныя рэкамендацыі законнай сілы не маюць
Жыхары Тарнага ўсё разумеюць. Але тры гады таму сітуацыя была іншая: ім абяцалі «азеляненне» вакол новапабудаваных дамоў. Толькі з яго нічога не атрымалася. Выходзіць, што яны самі вінаватыя ў тым, што іх скаргі запозненыя. Праўда, і на своечасовыя заўвагі і пажаданні ўлады, як правіла, не рэагуюць станоўча. Знішчэнне расліннасці ў Віцебску вядзецца планамерна, а потым яго спрабуюць кампенсаваць новымі пасадкамі. Да прыкладу, як гэта цяпер робіцца на Плошчы Перамогі, дзе ў 2009 годзе знішчылі цэлы сквер.
Ларыса Піменава